Менскае „Дынама” адарвалася ад футбалістаў „Нёмана” на 6 ачкоў
Футбалісты менскага „Дынама” перамаглі „Нёман” у чэмпіянаце Беларусі і адарваліся ад яго на 6 ачкоў. У самым пачатку сустрэчы на полі сталічнага стадыёна „Дынама” чарнагорскі форвард гаспадароў Душан Бакіч скарыстаўся памылкай абароны гасцей і адкрыў лік. На зыходзе гадзіны гульнявога часу Сяргей Карповіч параўняў лік, а на 64-й хвіліне гульні Данііл Зорын забіў другі мяч у браму „Нёмана” – 2:1. З такім жа лікам барысаўскі БАТЭ выйграў на выездзе ў футбалістаў „Смаргоні”. У Гарадзеі футбалісты „Мінска” і салігорскага „Шахцёра” не выявілі пераможцу – нічыя 0:0.

„Ягелонія” святкавала валявую перамогу
У матчы 8-га тура польскай Экстракласы беластоцкая «Ягелонія» выйграла ў «Радомяка» з лікам 3:2. У першым тайме два галы ў гасцей забіў бразілец Пэдра Энрыке, а затым іспанцы Хесус Імас і Хасэ Наранха аднавілі раўнавагу. Адразу пасля перапынку пераможны гол забіў анголец Афіміка Пулулу.
„Арсенал” перайграў „Эвертан”
Завяршыўся матч 5-га тура англійскай Прэм’ер-лігі, у якім сустракаліся „Эвертан” і „Арсенал”. Гульню прымаў стадыён «Гудысан Парк» у Ліверпулі. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу гасцей з мінімальным лікам 1:0. Адзіны ў матчы гол на 69-й хвіліне з перадачы Букаё Сака правёў бельгійскі нападнік «кананіраў» Леандра Трасард. Па выніках пяці тураў „Арсенал” дагнаў „Тотэнхэм” і „Ліверпуль” па ачках у турнірнай табліцы АПЛ па 13 ачкоў, клубы дзеляць месцы з другога па чацвёртае. „Чэлсі” не змог абыграць „Борнмут” – 0:0. „Чэлсі” набраў пяць ачкоў і размяшчаецца на 14-м месцы. У матчы 5-га тура іспанскай Прымеры паміж „Рэалам” і „Рэалам Сасьедад” перамог мадрыдскі клуб з лікам 2:1. У самым пачатку сустрэчы, на пятай хвіліне, паўабаронца гасцей Андэр Баранэчэа адкрыў лік у матчы, вывеўшы «Рэал Сасьедад» наперад. У пачатку другога тайма, на 46-й хвіліне, Федэрыка Вальвердэ зраўняў лік. На 61-й хвіліне нападнік мадрыдскага «Рэала» Хасэлу вывеў сваю каманду наперад, усталяваўшы канчатковы лік. Пасля пяці тураў „сметанковыя” набралі 15 ачкоў і займаюць першае месца ў турнірнай табліцы іспанскага чэмпіянату.
Гандбалісты перамаглі ў матчах чэмпіянату Беларусі
Гандбалісты менскага СКА святкавалі другую перамогу на старце чэмпіянату Беларусі. У матчы другога тура падначаленыя Дзмітрыя Нікуленкава разграмілі каманду РГУАР-2006 з розніцай у 16 мячоў – 42:26. У сваім першым паядынку армейцы без праблем перайгралі на сваёй пляцоўцы „Машэку” з Магілёва – 40:21. Таксама дзве вікторыі ў актыве гарадзенскага „Кронана”, які спачатку адолеў на выездзе гандбалістаў „Гомеля” – 34:32, а потым быў мацней за мінскі клуб БДУФК-СКА – 35:32. Дзеючы чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” пачаў новае першынства з гасцявой перамогі над „Аістам Кітая” – 36:31.
Каладынска не выйшла ў асноўную сетку турніру ў Гуанчжоў
Беларуская тэнісістка 225-ы нумар сусветнага рэйтынгу Яна Каладынска не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-250 у кітайскім Гуанчжоу з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У другім раўндзе кваліфікацыі беларуска саступіла ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцы Швейцарыі Вікторыі Галубіч – 2:6, 6:4, 4:6.
Сайнс выйграў Гран-пры Сінгапура
Адбылася 15-я гонка «Формулы-1» 2023 года – Гран-пры Сінгапура. Перамог гоншчык «Ферары» Карлас Сайнс, другім прыехаў Ланда Норыс з «Макларэн», трэцім – Льюіс Хэмілтан з «Мэрсэдэс», Макс Ферстапен з „Рэд Бул” толькі пяты. «Рэд Бул» упершыню сёлета прайграў гонку «Формулы-1». У Ферстапена перапынілася серыя з 10 перамог запар.
Беларускае Радыё Рацыя
