Менскае „Дынама” адолела „Куньлунь”



У чарговым паядынку КХЛ менскае „Дынама” у Пекіне перамагло кітайскі клуб „Куньлунь” –3:2. Вікторыя была дасягнутая толькі ў серыі пасляматчавых булітаў, паколькі 65 хвілін асноўнага і дадатковага часу прынеслі парытэт – 2:2.

Бела-блакітныя двойчы даганялі суперніка, прычым двойчы ўдала рэалізавалі колькасную бальшыню складу: у першым перыядзе поспеху дамогся  Фрэдрык Петарсан, у другім – Яўген Лісавец. У трэцім перыядзе закінутых шайбаў не здарылася.

У серыі пасляматчавых булітаў брамнік „Дынама” Бен Скрывенс двойчы выйграваў дуэлі ў апанентаў. З іншага боку Фрэдрык Петарсан і Арон Палушай, нядаўнія навабранцы беларускай каманды, у выкананні сваіх спробаў былі бездакорнымі. Гэта 4-я перамога дынамаўцаў з 6 булітных спабораў.

Такім чынам „зубры” перыпынілі няўдалую серыю з трох запар паразаў і здабылі два ачкі. Зараз іх у „Дынама” стала 79, каманда займае 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Беларускае Радыё Рацыя