Менскае „Дынама” ідзе далей у Лізе Еўропы



Менскае „Дынама” выбіла з розыгрышу балгарскі клуб „Чорна мора”, перамогшы на сваім полі 4:0. У першым паядынку на полі суперніка была зафіксаваная нічыя – 1:1.

Цягам гульні дынамаўцы стварылі мноства момантаў і здолелі забіць 4 разы. На 41-й хвіліне штрафны па-майстэрску рэалізаваў Уладзімір Карыцька. А на 58-й далёкі гарматны стрэл удаўся Ненаду Адамавічу. Пад канец матчу дуплетам вызначыўся Фатас Бечырай. Яшчэ пяць-шэсць верных момантаў бела-блакітныя змарнавалі. Увесь другі тайм госці гулялі ў меншасці з-за выдалення іх гульца.

Гэта быў 8-ы раз у гісторыі, калі беларускія клубы спабаравалі з балгарскімі. Цяпер у дачыненнях усталяваўся парытэт 4-4.

Сустрэча праходзіла ў сумным антуражы – фанаты „Дынама” па-ранейшаму прынцыпова байкатуюць сустрэчы роднай каманды з-за неадэкватнай рэакцыі і стаўлення міліцыі да заўзятараў.

У наступным – трэцім раўндзе Лігі Еўропы – дынамаўцы сустрэнуцца з швайцарскім клубам „Цурых”.

Беларускае Радыё Рацыя