Менскае „Дынама” пацярпела сёмую паразу запар у КХЛ



Хакеісты сталічнага „Дынама” працягнулі бязвыйгрышную серыю ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі да сямі матчаў.

У другім матчы пераднавагодняй хатняй серыі мінчане сустракаліся з ніжагародскім „Тарпеда”. Ужо праз шэсць хвілін пасля стартавага ўкідвання гаспадары прайгравалі, але незадоўга да заканчэння перыяду Брэндан Козун зраўняў лічбы на табло – 1:1. У пачатку наступнай трэці Павел Варфаламееў вывеў беларускую каманду наперад, але радасць „зуброў” доўжылася нядоўга: на другі перапынак каманды пайшлі пры ліку 2:2. У фінальнай 20-хвілінцы ўсё вырашыла адзіная шайба, якую правёў форвард „Тарпеда” Максім Лятуноў. Вынік – 2:3 не на карысць „Дынама”. Такім чынам, падначаленыя Крэйга Вудкрафта не могуць набраць ачкі на працягу ўжо сямі гульняў запар, у апошні раз „бела-блакітныя” дамагаліся перамогі яшчэ 2 снежня ў матчы з „Сочы”.

„Менчанка” прайграла „Уралачцы-НТМК” у расейскай Суперлізе

Валейбалісткі „Менчанкі” пацярпелі сёмую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце расейскай жаночай Суперлігі. У апошнім матчы 2022 года „Менчанка” ў палацы спорту „Уручча” прымала екацярынбургскую „Уралачку-НТМК”. Самыя тытулаваныя каманды Беларусі і Расеі змагаліся на роўных – у кожным з поўных сэтаў абодва калектывы перавальвалі за 20-ачковую мяжу 25:23, 25:22 і 25:21. Найбольш напружаным выдаўся чацвёрты сэт: беларускі тройчы падавалі на матч, але „Уралачка” кожны раз адбівалася і ў выніку пакінула партыю за сабой – 29:27. Зыход сустрэчы вырашыўся ў пятым адрэзку, дзе больш паспяховымі зноў апынуліся расейкі – 15:13 і 3:2 па сэтах.

Такім чынам, пасля 13 матчаў сезона „Менчанка” з 18 ачкамі займае восьмае месца сярод 14 каманд турніру.

„Гародня-93” і „Менск” выйшлі ў фінал Кубка Беларусі па баскетболе

У Магілёве вызначыліся фіналісты 26-га баскетбольнага Кубка Беларусі сярод мужчын. У першай паўфінальнай гульні на паркеце спарткомплексу „Алімпіец” баскетбалісты „Гародня-93” у напружанай барацьбе адолелі віцебскі „Рубон” з перавагай усяго ў чатыры балы – 76:72. У другім паўфінале дзейны ўладальнік Кубка „Менск” перамог магілёўскі „Барысфен” 82:62. Такім чынам, сёння баскетбалісты „Гародня-93” і „Менск” сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за галоўны трафей.

„Манчэстэр Юнайтэд” хоча арандаваць у „Атлетыка” Марату

Пасля правалу з трансферам Кодзі Гакпа, „Манчэстэр Юнайтэд” мае намер узмацніць лінію атакі арандаваўшы ў мадрыдскага „Атлетыка” Альвара Марату, паведамляе Daily Mail.

Манчэстэрскаму клубу неабходны форвард пасля сыходу Крышціяну Раналду. Аднак узімку клуб не можа дазволіць сабе дарагую куплю з-за магчымага продажу „чырвоных д’яблаў” сямействам Глэйзераў. Таму ідуць пошукі гульца, якога можна арандаваць. Верагоднае падпісанне Мараты ўпісваецца ў гэтыя жорсткія рамкі.

Раней Red Devils прайгралі „Ліверпулю” канкурэнцыю за набыццё форварда „ПСВ” Кодзі Гакпа. Як даносіць інфармацыю са склада манчэстэрцаў ESPN, галоўны трэнер каманды, нідэрландскі спецыяліст Эрык тэн Хаг заявіў кіраўніцтву „Юнайтэд” аб сваёй незадаволенасці.

Беларускае Радыё Рацыя