Менскае „Дынама” перамагло маскоўскі „Спартак”



Менскае хакейнае „Дынама”, якое страціла за апошнія туры ў чэмпіянаце КХЛ вельмі шмат ачкоў? павінна зараз чапляцца за пункты ў кожнай сустрэчы, каб захаваць шанцы трапіць у васьмёрку мацнейшых сваёй канферэнцыі і выйсці ў плэй-оф турніру.

У чарговым матчы „зубры” прымалі на сваім лёдзе маскоўскі „Спартак”, непасрэднага канкурэнта, які набраў апошнім часам крэйсерскую хаду, выйграўшы ўсе апошнія 6 матчаў.

Дамагчыся вікторыі ў асноўны час дынамаўцам не ўдалося. Больш таго, цягам гульні бела-блакітныя саступалі ў ліку. Аднак, у апошнім перядзе наперадзе былі ўжо „зубры”. Урэшце маскоўцы параўнялі лік і асноўны час закончыўся з лікам 4:4. Шайбы ў дынамаўцаў на рахунку Аляксандра Кітарава, Андрэя Сцяпанава, Крысціяна Хенкеля і Джэка Скілі

Авертайм галоў не прынёс і ўсё вырашалася ў серыі пасляматчавых  булітаў. Больш удалымі былі дынамаўцы, якія ўрэшце перамаглі з пратакольным лікам 5:4. Вырашальны буліт на рахунку Ягора Шаранговіча.

„Дынама” набрала зараз 35 ачкоў і займае пакуль 10-е месца ў Заходняй канферэнцыі. 

Беларускае Радыё Рацыя