Менскае „Дынама” перамагло падмаскоўны „Віцязь”



У чарговым матчы рэгулярнага першынства КХЛ менскае „Дынама” прымала на сваім лёдзе падмаскоўны „Віцязь”, суседа па турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. У цяжкім змаганні беларускі клуб дамогся вікторыі па булітах – 4:3.

„Зубры” цягам матчу былі наперадзе 2:0 і 3:2, але госці іх дагналі. Пры тым па два разы кожнай камандзе ўдалося вызначыцца ў колькаснай бальшыні. Шайбы ў менчукоў у гэтай сустрэчы закідвалі Аляксандр Кулакоў, Роб Клінкхаммер і Ілля Шынкевіч

Авертайм галоў не прынёс і пры ліку 3:3 давялося выконваць буліты. Бела-блакітныя ўдзельнічалі ў гэтым спаборы ўжо 8-ы раз і 6-ы з іх дамагліся поспеху. Героем серыі стаў менскі брамнік Бен Скрывенс, які 4 разы выйграў двубой у супернікаў. Адзіная выніковая спроба ўдалася Арону Палушаю, які прынёс камандзе гаспадароў 2 ачкі.

Цяпер у менскага „Дынама” стала роўна 100 ачкоў. Клуб па-ранейшаму ідзе на 6-ым месцы Заходняй канферэнцыі, але адстае ад пятага – ніжнегародскага „Тарпеда” толькі на 2 ачкі. Па закінутых шайбах (158) „зубры” – трэція ў канферэнцыі.

Беларускае Радыё Рацыя