Менскае „Дынама” перамагло падольскі „Віцязь”
Менскае «Дынама» завяршыла хатнюю серыю важнай перамогай над падольскім «Віцязем» – 5:4. Менчане тройчы па ходу першых двух перыядаў выходзілі наперад, але кожны раз госці параўноўвалі лік. А вось у чацвёрты раз адыграцца падальчане не змаглі, хоць мелі шанец выратаваць матч, нават саступаючы ў дзве шайбы за 40 секунд да сірэны, але ў самым канцы гаспадароў выратаваў Дамінік Фурх.
У складзе «Дынама» шайбы закідвалі Роб Клінкхамер, Франсіс Парэ, Ілля Усаў, Раман Гарбуноў і Шэйн Прынс. Гэтая вікторыя дазволіла мінчанам на сем ачкоў адарвацца ад «Віцязя» і «Спартака». Цяпер толькі зацяжная серыя паразаў можа перашкодзіць «зубрам» выйсці ў плэй-оф.
Беларускія фрыстайлісткі выйгралі міжнародныя спаборніцтвы па сінхронных скачках у „Раўбічах”
Беларускія фрыстайлісткі Ганна Гуськова і Ганна Дзяруга выйгралі міжнародныя спаборніцтвы па сінхронных скачках у рамках праграмы этапу Кубка свету, які завяршыўся ў „Раўбічах”. Другое месца на рахунку канадска-казахстанскага дуэта, які склалі Марыён Тэну і Маржан Акжыт. Замкнулі тройку наймацнейшых казахстанскія фрыстайлісткі Жанбота Алдабергенава і Акмаржан Калмурзаева. На этапе Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў „Раўбічах” выступалі прадстаўнікі 11 краін.
Нарвежскія біятланісты выйгралі змешаную эстафету на ЧЕ ў Польшчы
Нарвежскія біятланісты выйгралі змешаную эстафету на чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў польскім Душнікі-Здруй. Срэбра выйграла каманда Нямеччыны. Замкнулі тройку наймацнейшых біятланістаў Украіны. Беларусы ў заключным відзе праграмы не ўдзельнічалі.
Беларусы прайгралі малдаванам на старце Кубка развіцця
У менскім футбольным манежы пачаўся 17-ы розыгрыш Кубка развіцця, у якім прымаюць удзел юнацкія футбольныя зборныя (U-17) чатырох краін.
Беларуская каманда, якую трэніруе Аляксандр Юрэвіч, у стартавым паядынку саступіла аднагодкам з Малдовы з лікам 1:3. У другі дзень спаборніцтваў 3 лютага беларусы згуляюць з казахстанскай зборнай, а 6 лютага завершаць турнір сустрэчай з таджыкамі. У мінулыя гады юнацкая зборная Беларусі чатыры разы станавілася ўладальнікам Кубка развіцця.
Аліна Талай і Крысціна Ціманоўская выйгралі срэбра і бронзу міжнародных турніраў
Беларускія лёгкаатлеткі Аліна Талай і Крысціна Ціманоўская выйгралі срэбра і бронзу прадстаўнічых міжнародных турніраў у Нямеччыне і Францыі. Аліна Талай у нямецкім Дзюсельдорфе, дзе праходзіў этап World Athletics Indoor Tour – ISTAF Indoor Düsseldorf, святкавала поспех у стартах на 60 м з бар’ерамі. У вырашальным забегу яна паказала час 8,01 секунды, які стаў для яе лепшым у сезоне, заняўшы другое месца.
Крысціна Ціманоўская ў Францыі выйграла бронзу міжнароднага турніру ў памяшканні Meeting De Mondeville-2021 на дыстанцыі 60 м. Яе вынік – 7,32 секунды.
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” перамаглі „Рыгу” у таварыскім матчы
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” правялі пяты спарынг на зборы ў ААЭ. Чэмпіёны Беларусі сустракаліся з чэмпіёнам Латвіі „Рыгай” і выйгралі з лікам 1:0. Пераможны мяч на 35-й хвіліне гульні забіў навабранец „Шахцёра” Ігар Стасевіч. Таксама віцэ-чэмпіёны Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ ў Мінску выйгралі ў „Іслачы” з лікам 2:1.
«Атлетыка» абыграў «Кадыс» і павялічыў адрыў ад пераследнікаў да 10 ачкоў
У матчы 21-га тура іспанскай Прымеры мадрыдскі «Атлетыка» перайграў «Кадыс» 4:2 – дублем адзначыўся Луіс Суарэс. «Атлетыка» ў 19 матчах набраў 50 ачкоў і займае першае месца ў турнірнай табліцы. Бліжэйшым пераследнікам цяпер з’яўляецца «Барселона», якая вырвала перамогу ў «Атлетыка» Більбао 2:1 дзякуючы галам Месі і Грызмана і абагнала па дадатковых паказчыках «Рэал» «Ліверпуль» на выездзе абыграў «Вест Хэм» 3:1 і вярнуўся ў тройку лідараў Прэм’ер-лігі. «Тотэнхэм», саступіўшы на выездзе «Брайтану» 0:1, прайграў другі матч запар у АПЛ. „Чэлсі” перамог „Бёрнлі” 2:0.
Гандбалісты Даніі другі раз запар сталі чэмпіёнамі свету
Гандбалісты зборнай Даніі другі раз запар сталі чэмпіёнамі свету.
У першым тайме вырашальнага паядынку за залатыя медалі 27-га планетарнага першынства больш лідыравалі шведы, але да перапынку лік быў роўным – 13:13. У другой палове датчане вырваліся наперад і здолелі давесці гульню да перамогі – 26:24. На папярэднім сусветным першынстве зборная Даніі заваявала сваё першае золата, абыграўшы ў фінале нарвежцаў з лікам 31:22. Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі гандбалісты зборнай Іспаніі, якія абыгралі ў матчы за 3-е месца каманду Францыі 35:29. Зборная Беларусі на сусветным першынстве ў Егіпце завяршыла выступы пасля другога групавога этапу, заняўшы 17-е месца. Наступны чэмпіянат свету па гандболе сярод мужчын пройдзе ў 2023 годзе на арэнах Польшчы і Швецыі.
Беларускае Радыё Рацыя