Менскае «Дынама» перамагло ў гасцях рыжскіх аднаклубнікаў
Менскае «Дынама» ўпершыню ў сезоне абыграла рыжскіх аднаклубнікаў. Падначаленыя Крэйга Вудкрафта выйгралі ў гасцях з лікам 2:1.
Да гэтага рыжане перамаглі менчан тройчы, але ў гэты раз „зубры” выглядалі цікавей і змаглі адарвацца ад апошняга месца.
Цікава, што абедзве шайбы былі закінутыя з дапамогай рыкашэтаў. Спачатку вызначыўся Андрэй Касціцын, а затым – Раян Спунэр.
Балінскіс адыграў адну шайбу ў канцоўцы матчу, але на большае гаспадароў не хапіла. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 13 лютага ў гасцях у яраслаўскага „Лакаматыва”.
Максім Нягода заваяваў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Рыме
Беларускі спартовец Максім Нягода ў вагавай катэгорыі 63 кг заваяваў залатую ўзнагароду чэмпіянату Еўропы па грэка-рымскай барацьбе, які праходзіць у італьянскім Рыме. Максім паспяхова прайшоў скрозь сіта кваліфікацыйных паядынкаў кантынентальнага форуму. У фінальнай сутычцы беларус перамог прадстаўніка Расеі Ібрагіма Лабазанава і падняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару.
Трэнерскі штаб зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы разлічвае найменш на чатыры ўзнагароды ў трох відах праграмы (грэка-рымскай, жаночай і вольнай).
Ілля Івашка выйшаў у другі раўнд „Чэленджара” ў Бангалоры
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прабіўся ў другі раўнд турніру серыі „Чэленджэр” у індыйскім Бангалоры. У паядынку 1/16 фіналу беларус крыху больш чым за гадзіну перамог у двух сэтах індыйскага тэнісіста Сашы Кумара Мукунда – 7:5, 6:3. На старце парнага разраду беларус Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Йонатан Эрліх заўтра сустрэнуцца з манакска-французскім дуэтам Рамэн Арнеодо / Бенджамін Бонзі.
Турнір у Бангалоры фінішуе 16 лютага.
Саперніцамі беларускіх тэнісістак на групавым этапе фіналу Кубка Федэрацыі сталі аўстралійкі і бельгійкі
У Будапешце адбылося лёсаванне фінальнага этапу розыгрышу Кубка Федэрацыі па тэнісе, які пройдзе 14-19 красавіка ў вугорскай сталіцы.
Тэнісісткі зборнай Беларусі на першым этапе спаборніцтваў згуляюць у Будапешце ў групе В, дзе іх саперніцамі будуць каманды Аўстраліі і Бельгіі. У мінулы ўік-энд беларускі ў матчы за выхад у фінал абыгралі ў Гаазе зборную Нідэрландаў з лікам 3: 2.
Максім Недасекаў стаў сёмым на турніры ў Славакіі
Беларускі спартовец Максім Недасекаў, які выступае ў скачках у вышыню, заняў сёмае месца на міжнародным турніры ў Банска-Бістрыца (Славакія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Максім Недасекаў узяў вышыню ў 2,25 м, размясціўшыся па выніку на сёмай пазіцыі разам. Лепшым стаў кубінскі спартсмен Луіс Зейес – 2,33 м. Максім Недасека раней казаў, што з верагоднасцю 80% прапусціць зімовы этап. Паводле яго слоў, у гэты час ад яго не варта чакаць высокіх вынікаў. Лёгкаатлет засяроджаны на падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Токіо.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя