Менскае „Дынама” перамагло „Віцязь” у хатнім матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі ў падольскага „Віцязя” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:2.
Абедзве каманды ў пачатку супрацьстаяння стараліся не рызыкаваць і ў першым перыядзе шайбаў не закінулі. У другой дваццаціхвілінцы абаронца „Дынама” Марк-Андрэ Граньяні адкрыў лік. Яго тут жа падтрымаў партнёр па камандзе нападнік Аляксандр Паўловіч. У трэцім перыядзе госці паспрабавалі адыграцца, абрынуўшы шквал кідкоў на галкіпера менчукоў. На 45-й хвіліне матчу форвард „зуброў” Андрэй Касціцын закінуў шайбу ў брамку супернікаў. Праз тры хвіліны абаронца „Віцязя” Данііл Пыленкоў прарваўся праз абарону „Дынама”. А незадоўга да фінальнай сірэны яго аднаклубнік Павел Верабей скараціў адставанне да адной шайбы, рэалізаваўшы большасць, але перавесці гульню ў авертайм гасцям не ўдалося. Наступны матч „Дынама” правядзе на лядовай пляцоўцы „Мінск-Арэны« 12 студзеня супраць маскоўскага „Спартака” .
„Нёман” выйграў першы матч фінальнага турніру Кантынентальнага кубка IIHF
Гарадзенскі „Нёман” упэўнена перамог у першым матчы фінальнага турніру Кантынентальнага кубка IIHF. Падначаленыя Сяргея Пушкова абыгралі польскую „Краковію”. Асноўныя падзеі матчу прыйшліся на другі перыяд. На першай яго хвіліне выдатнае паразуменне прадэманстравалі фінскія легіянеры гарадзенскага клуба. Ціма Хільтунен адпасаваў на Ёнаса Хурама і той без праблем перайграў брамніка „Краковіі”. Праз некалькі хвілін чэшскі легіянер польскага клуба Міраслаў Копржыва ізноў змушаны быў даставаць шайбу са сваёй брамкі. Здарылася гэта пасля выдалення гульца „Краковіі” Міраслава Яхыма. За 14 секунд да выхаду пятага гульца на пляцоўку Арцём Кіслы ўсталяваў канчатковы лік у гэтым матчы 2:0. Cёння „Нёман” згуляе з дацкім „Сэндэруске” ў другім туры спаборніцтваў за другі па значнасці прыз еўрапейскага клубнага хакея.
Джэрсі Цыплакова падымуць пад скляпенні „Мінск-Арэны”
Хакейны швэдар Уладзіміра Цыплакова падымуць над «Мінск-Арэнай» 12 студзеня падчас матчу з маскоўскім „Спартаком”. Такая інфармацыя змяшчаецца на сайце Федэрацыі хакея Беларусі. Гульня супраць маскоўскага клуба будзе прысвечана 10-годдзю з дня першага матча „зуброў” у „Мінск-Арэне”. Падчас матчу і ў перапынках гледачоў чакаюць фотавыстава і відэа з лепшымі момантамі „Дынама” ў КХЛ за гэтыя дзесяць гадоў, а таксама фотозона з джэрсі „зуброў” за ўсе сезоны з 2010 года. Уладзімір Цыплакоў – легенда беларускага хакея, тройчы лепшы хакеіст краіны, пераможца маладзёжнага чэмпіянату свету 1989 года ў складзе зборнай СССР, удзельнік Алімпійскіх гульняў 1998 і 2002 гадоў і шасці чэмпіянатаў свету ў складзе зборнай Беларусі. У 46 матчах за зборную ён набраў 48 (24 + 24) ачкоў.
Елетнаў заняў 14-е месца ў спрынце на этапе Кубка свету па біятлоне
Беларускі спартовец Раман Елетнаў заняў 14-е месца ў спрынце на чацвёртым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у нямецкім Оберхофе. Раман дапусціў адзін промах на другім агнявым рубяжы і адстаў ад лідара гонкі на 1 хвіліну 31,8 секунды. Першым стаў сяміразовы ўладальнік Вялікага хрустальнага глобуса француз Мартэн Фуркад, які пераадолеў адлегласць у 10 км за 25 хвілін 27,2 секунды. На другой пазіцыі размясціўся яго партнёр па камандзе Эмільен Жаклен. Замкнуў тройку лідараў немец Ёханэс Кюн. Іншыя біятланісты зборнай Беларусі паказалі наступныя вынікі: Антон Смольскі – 25-ы, Сяргей Бачарнікаў – 29-ы. Максім Верабей завяршыў спрынт на 97-й пазіцыі. Працягнуцца спаборніцтвы сёння эстафетамі у мужчын і жанчын.
Новы трэнер «Ягелоніі» правёў сваю першую прэс-канферэнцыю ў Беластоку
Новы трэнер «Ягелоніі» балгарын Івайла Пецеў на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Беластоку распавёў, што бачыў дастатковую колькасць матчаў сваёй новай каманды і ведае, што трэба паправіць у гульні. Ён казаў пра сістэматычнасць працы і стабільнай гульні ў кожным матчы, а не толькі ў асобных. Ён застаўся задаволены ўбачаным на трэніроўках у першыя дні кіраўніцтва камандай і заявіў, што яго чаканні ад гульцоў у два разы вышэй за тыя, што маюць заўзятары і журналісты. Што датычыць чэмпіёнскіх амбіцый, то Івайла Пецеў заклікаў быць усё ж рэалістамі і намагацца трапіць у еўракубкавую зону па выніках сезона.
Усе тры МАЗа ўвайшлі ў дзесятку на этапе „Дакара”
Усе тры экіпажы каманды „МАЗ-СПОРТаўта” прайшлі шосты этап «Дакара» у першай дзясятцы. Самым хуткім сярод беларусаў апынуўся капотнік пад кіраваннем Сяргея Вязовіча, які паказаў трэці час. На шостым этапе гоншчыкі прыехалі ў Эр-Рыяд. Спецучастак расцягнуўся на 477 км і ўяўляў сабой суровую бездараж. Маршрут уключаў вялікую колькасць пяшчаных адрэзкаў, а асноўнымі перашкодамі сталі вялікія дзюны. Капотны МАЗ праехаў этап паспяхова, хоць не абышлося і без экшэна. У грузавіка выбухнула кола, але паколькі адбылося гэта не на спецучастку, на асабістым выніку гэта не адбілася. Экіпаж правёў на трасе 5 гадзін 8 хвілін і прыехаў трэцім, прайграўшы расейцу Андрэю Каргінаву 12 хвілін. У турнірнай табліцы беларусы трымаюцца ў першай тройцы з адставаннем ад лідара ў 36 хвілін. Іншыя беларускія экіпажы таксама святкавалі поспех. Аляксей Вішнеўскі фінішаваў восьмым. Радком ніжэй з розніцай у тры хвіліны завяршыў заезд Аляксандр Васілеўскі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота hcdinamo.by