Менскае «Дынама» перамагло яраслаўскі «Лакаматыў»



У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ менскае «Дынама» перамагло «Лакаматыў» у Яраслаўлі. Менчукі выйгралі з лікам 4:3.

Спачатку госці закінулі дзве шайбы пасля дакладных кідкоў Тэйлара Бека і Іллі Шынкевіча. Да 52-й хвіліны лік быў роўны – 3:3. А вырашальную шайбу забіў Тэйлар Бек на 58-й хвіліне. Пасля трох матчаў дынамаўцы займаюць сёмае месца з 24-х. Менскае „Дынама” ў памяць пра загінулых на борце самалёта хакеістах „Лакаматыва” адыграла ў рэтра-джэрсі. Як і астатнія матчы гульнявога дня, паядынак у Яраслаўлі пачаўся з хвіліны маўчання.

Сабаленка выйшла ў паўфінал US Open

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал адкрытага чэмпіянату ЗША. У чвэрцьфінале другая ракетка планеты сустракалася з 9-м нумарам сусветнага рэйтынгу чэшкай Барбарай Крэйчыкавай і без асаблівых праблем выйграла ў дзвюх партыях – 6:1, 6:4. Для перамогі беларусцы спатрэбілася 1 гадзіна 27 хвілін. Яе суперніцай ў паядынку за выхад у фінал будзе прадстаўніца Канады 73-я ракетка планеты Лэйла Фернандэс, якая ў чвэрцьфінале нечакана перайграла пятую ракетку свету ўкраінку Эліну Світоліну – 6:3, 3:6, 7:6 (7:5).

Расейскія футбалісты абыгралі Мальту ў адборавым турніры да ЧС

Расейскія футбалісты святкавалі другую перамогу запар у адборавым турніры чэмпіянату свету 2022 года. У матчы 6-га тура кваліфікацыйнай групы Н зборная Расеі перамагла ў Маскве каманду Мальты з лікам 2:0. На 10-й хвіліне сустрэчы Фёдар Смолаў забіў першы гол, а незадоўга да фінальнага свістка Зелімхан Бакаеў рэалізаваў пенальці. Яшчэ адзін фаварыт гэтай групы Харватыя ў Спліце разграміла гасцей са Славеніі – 3:0, а ў Браціславе славакі ўзялі верх над кіпрыётамі – 2:0. Пасля шасці гульнявых дзён Харватыя і Расея лідыруюць, маючы 13 ачкоў.

Лідар групы А зборная Партугаліі ўпэўнена перайграла ў Баку азербайджанцаў – 3:0. Чэмпіёны свету футбалісты зборнай Францыі замацаваліся на першай пазіцыі ў групе D, перамогшы на сваёй арэне каманду Фінляндыі 2:0 – дубль аформіў Антуан Грызман. Безумоўны фаварыт групы F зборная Даніі сваю шостую запар вікторыю святкавала ў Капенгагене над ізраільцянамі – 5:0. У шасці сустрэчах датчане забілі 22 мячы, не прапусціўшы ніводнага. У Вене шатландцы адолелі аўстрыйцаў  – 1:0, а ў Торсхаўне каманда Фарэрскіх выспаў перайграла зборную Малдовы  2:1. Лідары групы G сінхронна дамагліся буйных перамог на сваіх палях. У Амстэрдаме зборная Нідэрландаў разграміла турак з лікам 6:1, прычым лідар „аранжавых” Мэмфіс Дэпай аформіў хет-трык. У Осла зборная Нарвегіі ўпэўнена перайграла гасцей з Гібралтару – 5:1. Тут хет-трык у актыве Эрлінга Холанда.  Зборная Беларусі свой пяты матч у кваліфікацыйнай групе Е правядзе сёння ў Казані супраць каманды Бельгіі.

Беларускія самбісты заваявалі 17 медалёў у першы дзень міжнароднага турніру ў Менску

Беларускія атлеты заваявалі 5 залатых, 3 срэбраныя і 9 бронзавых узнагародаў у першы дзень адкрытага XXIV Міжнароднага турніру катэгорыі А па самба. Спаборніцтвы стартавалі ў менскім спорткомплексе „Чыжоўка-Арэна”. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў спартовым раздзеле падымаліся Анфіса Капаева, Таццяна Мацко, Уладзіслаў Бурдзь і Дзмітрый Хахлоў. У баявым самба перамог  Яўген Міхно. У юбілейным турніры бяруць удзел больш за 100 спартоўцаў з 11 краін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: championat.com