Менскае „Дынама” перапыніла антырэкордную серыю з паразаў
У чэмпіянаце КХЛ менскае „Дынама” перапыніла антырэкордную серыю з 11 паразаў запар.
На сваім лёдзе „зубры” урэшце адолелі пекінскі клуб „Кунь лунь” – 4:1.
Першы перыяд галоў не прынёс. У другім Яўген Лісавец на 35-й хвіліне рэалізаваў колькасную бальшыню. Гэта была 1400-я шайба менскага „Дынама” у КХЛ. На 37-й Куінтан Хаўдэн павялічыў розніцу ў ліку.
У трэцім перыядзе „бела-блакітныя” вызначыліся яшчэ двойчы – шайбы на рахунку Дзмітрыя Буйніцкага і Дзяніса Казіёнава. Госці змаглі закінуць шайбу прэстыжу.
Пасля 23 гульняў у Заходняй канферэнцыі КХЛ менскае „Дынама” займае апошняе 12-е месца. Клуб з Беларусі выйграў толькі 5 гульняў і яшчэ 4 разы прайграў у авертайме – усяго 14 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя