Менскае «Дынама» прайграла «Куньлуню»



Хакеісты менскага «Дынама» саступілі пекінскаму «Куньлуню» у хатнім матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 1:5.

«Дынамаўцы» з першых хвілін пачалі прэсінгаваць брамніка супернікаў, павялічваючы хуткасці. Госці адказвалі небяспечнымі контратакамі. Да пачатку першага перапынку ніводнай з каманд не ўдалося здабыць перавагу на сваю карысць. У другой дваццаціхвілінцы форвард «Куньлуня» Лукас Локхарт адкрыў лік на 27-й хвіліне. Яго тут жа падтрымаў партнёр па камандзе Брэндон Іп. «Дынамаўцы» сабраліся з сіламі, і ў сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі нападнік Арцём Дзямкоў скараціў адставанне да адной шайбы. У трэцім перыядзе менчукі паспрабавалі зраўняць лік, але з-за некалькіх грубых памылак іх атакі праваліліся. На 50-й хвіліне форвард «Куньлуня» Брэндон Іп аформіў дубль. Яго аднаклубнікі Хантэр Шынкарук і Тайлер Вунь закінулі яшчэ дзве шайбы ў брамку «Дынама» і давялі лічбы на табло да пяці шайб. Наступны матч менскае «Дынама» правядзе на лядовай пляцоўцы «Менск-Арэны» 10 студзеня супраць падольскага «Віцязя».

Беларускія гандбалісты адправіліся на чэмпіянат Еўропы

Гандбалісты зборнай Беларусі адправіліся на чэмпіянат Еўропы, які стартуе 9 студзеня. Галоўны трэнер беларускай каманды Юрый Шаўцоў уключыў у заяўку 18 гандбалістаў, у тым ліку брамніка берасцейскага БГК імя Мяшкова Івана Мацкевіча і яго аднаклубнікаў Андрэя Юрынка, Максіма Баранава, Мікіту Вайлупава, Вячаслаў Шумака і два гульца польскага клуба «Вивэ», Кельце Арцёма Каралька і Уладзіслава Кулеша.

Перад выездам на кантынентальнае першынства беларусы занялі першае месца на міжнародным турніры ў польскім Тарнуве, абыграўшы каманды Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Іспаніі і Польшчы.

Матчы фінальнай стадыі 14-га па ліку мужчынскага чэмпіянату Еўропы пройдуць з 9 па 26 студзеня на арэнах Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі. Беларуская зборная на першым этапе згуляе ў групе А ў аўстрыйскім Грацы разам з камандамі Сербіі, Чарнагорыі і Харватыі. У асноўны раўнд выйдуць па дзве лепшыя зборныя з шасці папярэдніх квартэтаў.

Манэ прызнаны найлепшым гульцом года ў Афрыцы

Нападнік «Ліверпуля» і зборнай Сенегала Садзіа Манэ прызнаны найлепшым гульцом 2019 года ў Афрыцы, паведамляе прэс-служба Афрыканскай канфедэрацыі футбола. У барацьбе за гэтую ўзнагароду сенегальскі форвард абышоў нападніка «Ліверпуля» і зборнай Егіпта Махамеда Салаха і паўабаронцу «Манчэстар Сіці» і нацыянальнай каманды Алжыра Рыяда Марэза. Нагадаю, два апошнія гады прыза ўдастойваўся егіпцянін Салах.

«Australian Open» можа адбыцца на крытых кортах з-за лясных пажараў

Матчы Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе пройдуць на закрытых кортах, калі ўмовы стануць небяспечнымі для правядзення спаборніцтваў у сувязі з ляснымі пажарамі, якія бушуюць на тэрыторыі краіны. Як адзначаецца, матчы Australian Open, якія адбудуцца з 20 студзеня па 2 лютага ў выпадку небяспекі адбудуцца на трох кортах з высоўнай дахам і на васьмі закрытых кортах. У Аўстраліі выгаралі ўжо мільёны гектараў зямлі, агонь за апошнія месяцы забраў жыццё 17 чалавек, знішчыў тысячу дамоў, па некаторых ацэнках, загінулі 8 тысяч каал і сотні тысяч іншых жывёл.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА