Менскае «Дынама» прайграла на выездзе маскоўскаму ЦСКА
З першых хвілін супрацьстаяння „армейцы” ўзнялі хуткасці і пачалі атакаваць брамку галкіпера «зуброў» Мікіты Талапілы. Першую шайбу на 14-й хвіліне матчу закінуў абаронца ЦСКА Арцём Блажыеўскі. Да пачатку першага перапынку лік на табло не змяніўся. У другім перыядзе „зубрам” аднавіць раўнавагу не ўдалося.
Хакеісты ЦСКА ўзялі гульню пад свой кантроль і на 38-й хвіліне гульні форвард „армейцаў” Кірыл Капрызаў падвоіў перавагу сваёй каманды. У пачатку трэцяй дваццаціхвілінкі, скарыстаўшыся памылкай ЦСКА, абаронца „Дынама” Дзмітрый Знахаранка скараціў адставанне. Аднак масквічы тут жа аднавілі перавагу і ў выніку давялі лік да рагромнага 5:1. Дынамаўцы знаходзяцца на 24-м месцы ў КХЛ, ЦСКА – на першым. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 16 студзеня ў гасцях у падольскага „Віцязя”.
„Шахцёр” перамог „Дынама-Маладзечна” ў матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі
У спрэчцы трэцяй i чацвёртай каманд чэмпіянату Беларусі па хакеі салігорскі „Шахцёр” на хатняй арэне змог прымусіць капітуляваць „Дынама-Маладзечна” і адарвацца ад пераследнікаў у турнірнай табліцы на 12 ачкоў. Падначаленыя Юрыя Файкова перамаглі прынцыповых супернікаў з лікам 2:1.
Андрэй Гусаў пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Тыхы”
Беларускі спецыяліст Андрэй Гусаў пакінуў пасаду галоўнага трэнера польскага хакейнага клуба „Тыхы” з аднайменнага горада. „Сысці з каманды – выключна асабістае рашэнне. Прыйшоў да высновы, што форма супрацоўніцтва паміж мной і клубам вычарпала сябе. Дзякуй хлопцам, кіраўніцтву і заўзятарам за два сезоны, жадаю камандзе далейшых поспехаў”, – цытуе беларускага трэнера прэс-служба клуба.
Беларускі трэнер ўзначаліў ХК „Тыхы” перад пачаткам сезона 2017/2018. Пад кіраўніцтвам Андрэя Гусава клуб двойчы станавіўся чэмпіёнам Польшчы і выходзіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, а таксама выйграваў Кубак і Суперкубак Польшчы. „Тыхы” лідыруюць у цяперашнім чэмпіянаце Польшчы, набраўшы 76 ачкоў у 36 матчах.
Жаночым спрынтам стартуе этап Кубка свету па біятлоне ў Рупольдынгу
Жаночым спрынтам стартуе сёння пяты этап Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Рупольдынгу. Спартоўкам трэба пераадолець 7,5 км. Пачнецца гонка ў 16.30 па менскім часе. Сярод біятланістак зборнай Беларусі выступяць Ірына Крыўко, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны. Натуральнага снегу ў Рупольдынгу з-за цёплага надвор’я цяпер няма, але арганізатары выкарыстоўвалі запасы леташняга снегу і здолелі зрабіць якасную падушку, якая павінна вытрымаць усе капрызы прыроды.
Аўстрыйцы і чэхі сталі супернікамі беларускіх гандбалістаў
Пасля заключных сустрэч у папярэдняй групе В вызначыліся ўсе супернікі беларускіх гандбалістаў у асноўным этапе чэмпіянату Еўропы.
Адны з гаспадароў кантынентальнага першынства гандбалісты Аўстрыі ў 3-м туры перамаглі каманду Паўночнай Македоніі 32:28, зборная Чэхіі абыграла ўкраінцаў – 23:19. Выніковае становішча ў гэтым квартэце такое: Аўстрыя – 6 ачкоў, Чэхія – 4, Паўночная Македонія – 2, Украіна – 0.
Такім чынам, у групе I асноўнага этапу падначаленыя Юрыя Шаўцова сустрэнуцца з камандамі Нямеччыны (16 студзеня), Чэхіі (18 студзеня), Іспаніі (20 студзеня) і Аўстрыі (22 студзеня).
Замест ФК «Дняпро» стварылі новы клуб «Днепр-Магілёў»
Ён згуляе ў адной з ліг чэмпіянату Беларусі. Адпаведнае рашэнне прыняло кіраўніцтва горада, паведамляе прэс-служба новай каманды. Асноўная каманда афіцыйна выйшла з адпачынку 14 студзеня і правяла першую трэніроўку на полі магілёўскага крытага манежа. Зараз ідзе фарміраванне складу, які ў асноўным будзе складацца з выхаванцаў магілёўскага футбола. Па выніках сезона 2018 магілёўскі «Днепр» вылецеў з вышэйшай лігі і быў расфармаваны. На базе гэтай каманды і менскага «Луча» быў створаны клуб «Дняпро», які ў сезоне-2019 спасцігла доля папярэдніка. Новы клуб не зможа выступаць замест «Дняпро» ў Кубку краіны, таму мазырская «Славія» без барацьбы выйшла ў паўфінал.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by