Менскае „Дынама” прайграла ў гасцях „Авангарду”
Менскае «Дынама» прайграла ў гасцях омскаму «Авангарду» з лікам 1:3 (0: 0, 0: 1, 1: 2). Першая палова матчу прайшла ў роўнай барацьбе, а першая шайба была закінута толькі на 36-й хвіліне, калі вызначыўся форвард «ястрабаў» Рыд Бушэ. На першай хвіліне трэцяга перыяду Корбан Найт павялічыў перавагу «Авангарда», а затым ён жа зрабіў лік 3:0. Менчане змаглі адказаць толькі голам Роба Клінкхамера на 56-й хвіліне.
„Крумкачы” прайгралі „Арсеналу” на футбольным турніры ў Жодзіна
Два паядынкі прайшлі на перадсезонным футбольным турніры „Белазавец-2021”. У стартавым матчы 2-й групы дзяржынскі „Арсенал” узяў верх над менскімі „Крумкачамi” з мінімальнай перавагай 1:0. У другім паядынку дублюючы склад менскага „Дынама” узяў верх над бабруйскай „Белшынай” — 2:0. Напярэдадні на штучным полі жодзінскага стадыёна „Тарпеда” адбыліся сустрэчы каманд 1-й папярэдняй групы. Гаспадары спаборніцтваў футбалісты „Тарпеда-БелАЗ” абыгралі „Слуцк” 2:0, а ў другой гульні гарадзенскі „Нёман” апынуўся мацней за „Іслач” з Менскага раёна – 3:1. Сёння тут пройдуць матчы другога тура – спачатку тарпедаўцы згуляюць з гарадзенскай дружынай, а затым „Слуцк” будзе супернічаць з „Іслаччу”.
Леанід Ковель стаў гульцом роднай „Смаргоні”
34-гадовы нападнік Леанід Ковель заключыў кантракт са „Смаргонню”, якая выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Беларусі.
«Леанід – наш зямляк, ураджэнец горада Смаргонь! Выхаванец смаргонскай ДЮСШ. За футбольную кар’еру выступаў за нацыянальную зборную краіны, таксама гуляў у такіх клубах як „Дынама” Менск, „Карпаты”, „Сатурн”, „Менск”, „Іртыш”, „Нёман”, „Белшына” і іншых.
Выступаючы за гэтыя клубы, паспеў згуляць 404 прафесійныя матчы, з іх 244 у вышэйшай лізе Беларусі. Леанід паспеў пагуляць у расійскай і ўкраінскай прем’ер-лізе, у першай лізе Латвіі, у Кубку Беларусі, у кваліфікацыйных матчах Кубка УЕФА і Лігі чэмпіёнаў.
Леанід стаў чэмпіёнам Беларусі ў 2004 годзе з менскім „Дынама” і пераможцам Кубка Беларусі з футбольным клубам „Менск” у 2013 годзе. На рахунку футбаліста 81 забіты гол і 45 выніковых перадач.
Жадаем Леаніду поспехі ў будучым сезоне! „- гаворыцца ў паведамленні прэс-службы клуба.
Дубль Раналду прынёс «Ювентусу» перамогу ў першым матчы паўфіналу Кубка Італіі з «Інтэрам»
У першым матчы 1/2 фіналу Кубка Італіі «Інтэр» саступіў на хатнім стадыёне ў Мілане «Ювентусу» 1:2. На 9-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Інтэра» Лаўтары Марцінэс. На 26-й хвіліне форвард «Ювентуса» Крышціяну Раналду зраўняў лік, паспяхова рэалізаваўшы пенальці. Праз 9 хвілін Раналду аформіў дубль і ўсталяваў вынік сустрэчы.
У матчы 22-га тура АПЛ «Манчэстэр Юнайтэд» разграміў «Саўтгемптан» з неверагодным лікам 8:0. Антані Марс’яль адзначыўся дублем. Ужо на 2-й хвіліне абаронца гасцей Аляксандр Янкевец быў выдалены з поля. «Вулверхэмптан» абыграў «Арсенал» 2:1 і перарваў 7-матчавую бяспройгрышную серыю кананіраў.
Беларускае Радыё Рацыя