Менскае «Дынама» прайграла ў гасцях падольскаму «Віцязю»



Менскае «Дынама» саступіла ў гасцях падольскаму «Віцязю» з лікам 1:3.

Першы перыяд прайшоў у роўнай барацьбе і без закінутых шайбаў, але затым гаспадары змаглі перахапіць ініцыятыву і хутка давялі перавагу да дзвюх шайбаў. Вызначыліся Захар Бардакоў і Аляксандр Дзергачоў.

Шэйн Прынс адыграў адну шайбу, але параўняць лік менчане не змаглі. Больш за тое, на апошняй хвіліне Бардакоў аформіў дубль, закінуўшы ў пустую брамку.

Зборная Беларусі па хакеі адкрые ЧС-2021 матчам са Славакіяй

Зборная Беларусі па хакеі правядзе свой стартавы матч на чэмпіянаце свету ў Латвіі 21 траўня супраць каманды Славакіі. Такая інфармацыя змяшчаецца на сайце Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF). Наступны паядынак беларусы правядуць 23 траўня супраць каманды Швецыі. Далей падначаленых Міхаіла Захарава чакаюць гульні з супернікамі з Чэхіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швейцарыі і Расеі. Месцам правядзення паядынкаў стане рыжскі Алімпійскі спартовы цэнтр.

Галоўным трэнерам ХК „Юнацтва-Мінск” прызначаны Яўген Есавулаў

Галоўным трэнерам хакейнага клуба „Юнацтва-Мінск” прызначаны Яўген Есавулаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт клуба. Да працы ў „Юнацтве” Яўген Есавулаў цягам некалькіх гадоў быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі (U-18), з якой паўтарыў рэкорднае дасягненне, заняўшы пятае месца на чэмпіянаце свету ў элітным дывізіёне. У сезоне 2019/2020 узначальваў „ОЭРДЖИ Юніёр”, які выступаў у расейскай моладзевай хакейнай лізе.

Футбалісты „Шахцёра” абыгралі „Пюнік” на зборы ў ААЭ

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” святкавалі трэцюю перамогу на зборы ў ААЭ. Чэмпіёны Беларусі абыгралі армянскі „Пюнік” з Ерэвана з лікам 3:2. Да гэтага футбалісты „Шахцёра” абыгралі чэмпіёна Латвіі „Рыгу” – 1:0 і „Ліву” з ААЭ з лікам 4:0. Акрамя таго, „Шахцёр” пацярпеў паразы з аднолькавым лікам 0:2 ад срэбранага прызёра ўкраінскага першынства кіеўскага „Дынама” і расейскага чэмпіёна пецярбургскага „Зеніта”, а таксама з лікам 0:3 прайграў расейскаму „Краснадару”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч. Сёння ў „Шахцёра” запланаваны спарынг з маскоўскім „Спартаком”, 9 лютага адбудзецца другая сустрэча з „Пюнікам”, 10 лютага павінна адбыцца гульня з расейскім клубам „Родина” з Масквы, а 17 лютага пройдзе кантрольны матч з нацыянальнай зборнай Узбекістана.

Экс-чэмпіёны Беларусі футбалісты берасцейскага „Дынама”, з якімі напярэдадні развітаўся паўабаронца Сяргей Крывец, перамаглі ў сваім манежы мазырскую „Славію” з лікам 2:1.

Футбалісты „Слуцка” перамаглі „Нёман” на турніры ў Жодзіне

На перадсезонным футбольным турніры „Белазовец-2021” у Жодзіне завяршыліся матчы ў першай групе. У першым паядынку гаспадары спаборніцтваў футбалісты „Тарпеда-БелАЗ” згулялі ўнічыю з „Іслаччу” – 1:1. У другой гульні „Слуцк” перайграў гарадзенскі „Нёман” з лікам 2:0 дзякуючы  дублю Дзмітрыя Сасіна. Выніковае становішча каманд: „Тарпеда-БелАЗ” – 5 ачкоў, „Слуцк”  і „Нёман” – 4, „Іслач” – 2.

У другой папярэдняй групе матчы трэцяга тура адбудуцца сёння. Дублёрны склад менскага „Дынама” сустрэнецца са сталічнымі „Крумкачамi”, а бабруйская „Белшына” будзе супернічаць з дзяржынскім „Арсеналам”. Пасля фінішу групавога этапу адбудуцца стыкавыя паядынкі за выніковыя месцы.

Вікторыя Азаранка знялася з турніру ў Мельбурне

Беларуска Вікторыя Азаранка, якая мае 13-ы нумар рэйтынгу ВТА, з-за траўмы знялася з 1/4 фіналу турніру ў Мельбурне з прызавым фондам 235 820 даляраў. У чвэрцьфінале наша суайчынніца павінна была сустрэцца з эстонкай Анэт Кантавейт. Прычынай зняцця паслужыла траўма паясніцы ў спартоўкі з Беларусі. Такім чынам, Кантавейт аўтаматычна прайшла ў паўфінал.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя