Менскае „Дынама” разграміла „Аўтамабіліст”



Пасля хатняй паразы ад „Югры” менскае „Дынама” з лікам 5:1 адолела „Аўтамабіліст” з Екацярынбурга.

Галоўны трэнер менскага «Дынама» Любамір Покавіч пракаментаваў вынік матчу.

„У другім перыядзе мы забілі галы, яны сталі вырашальным момантам. Мы сёння закінулі пяць шайб і мелі яшчэ шэраг момантаў. У суперніка былі таксама моманты, трэба сказаць. Цвёрдая была гульня, хуткая, у добрай атмасферы… Мне здаецца, што вы зусім забыліся , што перад трыма паразамі мы ў пяці матчах набіралі ачкі. Было чатыры перамогі. Вядома, вы можаце мяне крытыкаваць: мы па-за зонай плэй-оф – гэта факт. Яшчэ адзін факт, што ў нас менш гульняў, чым у іншых каманд. Крызіс можа быць выкліканы стомленасцю пасля паездак”, – распавёў журналістам трэнер.

Колькасць прысутных заўзятараў на „Мінск-Арэне” дасягнула усяго 9138 чалавек, што з’яўляецца антырэкордам наведвальнасці хатніх гульняў „зуброў”. Пра гэта паведамляе афіцыйны твітар каманды.

29 верасня каманды сустрэнуцца зноў, але ўжо ў Екацярынбургу.