Менскае „Дынама” разграміла рыжскіх аднаклубнікаў
Менскае «Дынама» святкавала трэцюю перамогу запар, разграміўшы ў гасцях рыжскіх аднаклубнікаў з лікам 6:2. Ужо на першай хвіліне лік адкрыў Сцяпан Фалькоўскі, а неўзабаве Ілля Салаўёў зрабіў лік 0:2. Рыхардс Букарц адыграў адну шайбу, але рыжане пачалі фаліць, а менчане ўпэўнена рэалізоўвалі свае спробы ў большасці. Дубль аформіў Шэйн Прынс, яшчэ па шайбе закінулі Уладзіслаў Яроменка і Павел Варфаламееў. У канцы гульні Мікс Індрашыс адквітаў адну шайбу, але на большае рыжанаў не хапіла. Гэта, дарэчы, першая перамога менчан у асноўны час з 3 снежня і самая буйная перамога „зуброў” у паядынках з супернікамі з Рыгі. У наступным матчы выяздной серыі менчане ў суботу 9 студзеня згуляюць з маскоўскімі аднаклубнікамі.
Менскае „Юнацтва” падпісала хакеіста, які дыскваліфікаваны за какаін
Расейскі абаронца Кірыл Дзьякаў падпісаў кантракт з менскім «Юнацтвам». Дзьякаў гуляў у КХЛ за «Адмірал», «Тарпеда», «Ладу», «Нафтахімік» і «Югру». Сумарна на яго рахунку 281 матч і 46 (6 + 40) ачкоў пры паказчыку карыснасці «-13». Гулец абароны выступаў за маладзёжную зборную Расеі на чэмпіянаце свету-2013 і дапамог камандзе ўзяць бронзу, паведамляе афіцыйны сайт «Юнацтва». Адзначым, што ў сакавіку мінулага года Дзьякаў быў дыскваліфікаваны на 15 месяцаў, у яго арганізме знайшлі какаін. Тэрмін адхілення мінае 2 лютага.
Ягор Шаранговіч трэніраваўся ў другім звяне асноўнага складу „Нью-Джэрсі”
Беларускі форвард Ягор Шаранговіч прыняў удзел у чарговай перадсезоннай трэніроўцы „Нью-Джэрсі”. Каманда працавала ў двух групах паасобку. Шаранговіч трэніраваўся ў другім звяне групы „А”, гэта значыць асноўнага складу „Дэвілз” з ужо звыклымі партнёрамі: Йесперам Боквістам і Янэ Куоканенам. На папярэдніх занятках гэтая тройка лічылася чацвёртай у групе „А”. Хакеісты ў гэты раз не праводзілі двухбакоўку, а працавалі пад нагрузкамі ў высокім тэмпе. Першы матч „Нью-Джэрсі” правядзе 14 студзеня: „д’яблы” прымуць „Бостан”.
Арына Сабаленка перамагла на старце турніру ў Абу-Дабі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова правяла стартавы паядынак новага сезона. Дзясятая ракетка планеты ў 1/32 фіналу адзіночнага разраду турніру ў Абу-Дабі з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў перамагла ў двух сэтах славенскую тэнісістку Палону Херцаг – 7:6 (7:5), 6:2. Сустрэча працягвалася гадзіну 43 хвіліны. У 1/16 фіналу Арына сустрэнецца з прадстаўніцай Аўстраліі Айлай Тамлянавіч (68).
Аляксандра Сасновіч таксама выйшла ў 1/16 фіналу турніру. У сваім першым матчы новага сезона беларуска, якая займае 90-е месца ў рэйтынгу WTA, за паўтары гадзіны перамагла ў дзвюх партыях вугорскую тэнісістку 275-ю ракетку планеты Ганну Боднар – 6:2, 6:3.
Аляксандр Сяднёў можа ўзначаліць „Менск”
Беларускі спецыяліст Аляксандр Сяднёў можа заняць пасаду галоўнага трэнера „Менска”. Былы настаўнік „Руху” вядзе перамовы з „гараджанамі”. У другой палове мінулага сезона „Менскам” кіраваў Вадзім Скрыпчанка. „Менск” у вышэйшай лізе-2020 фінішаваў 11-м, „Рух” заняў восьмае месца.
„Ягелонія” абмяркоўвае з БАТЭ трансфер Бояна Насціча
Баснійскі абаронца БАТЭ Боян Насціч можа перайсці ў беластоцкую „Ягелонію”. Беларускі і польскі клубы вядуць перамовы. У чэмпіянаце Беларусі-2020 Насціч правёў 26 матчаў, у якіх забіў адзін гол і аддаў 10 выніковых перадач. У асобе Насціча „Ягелонія” бачыць замену Барталамею Удовіку або ісляндцу Бедвару Бедварсану, якія праявілі сябе недастаткова добра, – піша партал przegladsportowy.pl.
У сваю чаргу польская „Сталь” адмовілася ад ідэі арандаваць Дзяніса Лапцева. Па звестках польскіх СМІ, 29-гадовы нападнік пасля падпісання кантракту з „Рухам” павінен быў з’ехаць у арэнду ў польскі клуб. Аднак напярэдадні кантракт з камандай падпісаў 28-гадовы балгарскі нападнік Аляксандр Колеў, які перайшоў з „Кайсара” і раней ужо выступаў за каманду з Мельца, паведамляе football.by.
Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага заняў 2-е месца на пятым этапе „Дакар-2021”
Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага з каманды „МАЗ-СПОРТаўта” заняў 2-е месца на пятым этапе „Дакар-2021”. Аляксей Вішнеўскі праехаў спецвучастак працягласцю 662 км за 5 гадзін 29 хвілін 21 секунду. Перамогу святкаваў расеец Андрэй Каргін з каманды „КАМАЗ-Майстар”, які прыехаў амаль на 3 хвіліны хучэй.
Смольскі, Бачарнікаў, Верабей, Елетнаў і Лазоўскі – у старт-лісце на мужчынскі спрынт у Оберхофе
Сёння ў нямецкім Оберхофе пройдзе мужчынская спрынтарская гонка па біятлоне. Удзел у гонцы прымуць 107 спартоўцаў, у тым ліку пяць беларусаў: Сяргей Бачарнікаў, Антон Смольскі, Максім Верабей, Раман Ялётнаў і Дзмітрый Лазоўскі. Першым стартуе Бачарнікаў пад 15-м нумарам.
Беларускае Радыё Рацыя