Менскае „Дынама” разгромна прайграла СКА
Хакеісты менскага „Дынама” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ разгромна прайгралі СКА з Санкт-Пецярбурга з лікам 0:5. Гаспадары пляцоўкі адразу ўключыліся ў гульню, расстрэльваючы галкіпера „зуброў”. Ужо на першай хвіліне на дабіванні згуляў форвард СКА Максім Карпаў, які ўдала рэалізаваў большасць. Яго падтрымалі партнёры па камандзе нападнікі Іван Марозаў і Ярна Коскіранта. У сярэдзіне стартавай дваццаціхвілінкі хакеісты СКА закінулі чацвёртую шайбу. Аўтарам гола стаў Кірыл Марчанка. У другім перыядзе лічбы на табло не змяніліся. А ў трэцім на 46-й хвіліне Іван Марозаў з пятака закінуў пятую шайбу ў брамку „Дынама”, аформіўшы дубль. Да канца матчу „зубры” так і не змаглі закінуць «шайбу прэстыжу». Такім чынам, пасля гэтай паразы дынамаўцы пазбавіліся нават тэарэтычных шанцаў трапіць ў плэй-оф у гэтым сезоне. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта 30 студзеня правядуць у гасцях у екацярынбургскага „Аўтамабіліста”.
Хакеісты „Юнацтва” абыгралі жлобінскі „Металург”
Хакеісты „Юнацтва” абыгралі жлобінскі „Металург” у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі з лікам 2:1. Менчукам давялося прыкласці нямала намаганняў для таго, каб выйграць паядынак. Абарона жлобінскай дружыны дзейнічала практычна беспамылкова. І ўсё ж на 20-й хвіліне сустрэчы госці змаглі адкрыць лік. Ўзяцце брамкі запісаў на свой рахунак Данііл Бокун. У другім перыядзе гульцы абедзвюх дружын абмяняліся закінутымі шайбамі. Спачатку Аляксандр Пальчык падвоіў розніцу ў ліку, а затым Арцём Дубінін скараціў адставанне гаспадароў. У заключнай трэці матчу, нягледзячы на намаганні гульцоў, парадаваць аматараў хакея закінутымі шайбамі не атрымалася. Акрамя гульні ў Жлобіне ў чэмпіянаце Беларусі адбыліся яшчэ два матчы. „Гомель” не змог перамагчы гарадзенскі „Нёман”, якому для выніковага поспеху хапіла аднаго ўзяцця брамкі „рысяў”. „Дынама-Маладэчна” саступіла салігорскаму „Шахцёру” – 1:3. У гаспадароў пляцоўкі, для якіх гэта трэцяя запар вікторыя, дублем адзначыўся Андрэй Феклістаў.
Гулец зборнай Беларусі перайшоў у менскае „Дынама”
23-гадовы беларускі паўабаронца Уладзіслаў Клімовіч падпісаў кантракт з менскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе прэс-служба сталічнага клуба.
У мінулым сезоне хаўбек выступаў за „Тарпеда”-БелАЗ. У складзе жодзінцаў Клімовіч правёў 27 матчаў у вышэйшай лізе, у якіх забіў 2 галы і запісаў на свой рахунак адну выніковую перадачу. Клімовіч з’яўляецца футбалістам нацыянальнай зборнай Беларусі, у складзе якой прыняў удзел у трох таварыскіх матчах. Таксама лівійскі паўабаронца Суфьян Эмран знаходзіцца на праглядзе ў менскім „Дынама”. 25-гадовы футбаліст узяў удзел у таварыскім матчы з расейскім „Авангардам”, які дынамаўцы прайгралі 2:4. Апошнім клубам гульца значыцца „Аль-Ахлі” з першага лівійскага дывізіёна.
Вызначаны склады зборных Беларусі і Нідэрландаў на матч Кубка федэрацыі
Вызначаны склады жаночых камандаў Беларусі і Нідэрландаў на кваліфікацыйны паядынак Кубка федэрацыі, які пройдзе 7 і 8 лютага ў Гаазе. За зборную Беларусі згуляе 12 ракетка планеты Арына Сабаленка, 50-я ў сусветным рэйтынгу Вікторыя Азаранка, а таксама Аляксандра Сасновіч, Вольга Гаварцова, Лідзія Марозава. Капітан каманды Таццяна Пучак. За зборную Нідэрландаў выступіць 10-я ракетка планеты Кікі Бёртенс, а таксама Аранча Рус, Леслі Керхаў, Індзі Дэ Фроомэ і Демі Схюрс. У матчы Нідэрланды – Беларусь будзе разыграна пуцёўка ў фінальны раунд найбуйнейшага каманднага турніру ў жаночым тэнісе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя