Менскае „Дынама” разгромна прайграла ЦСКА
Хакеісты менскага „Дынама” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ разгромна прайгралі маскоўскаму ЦСКА з лікам 1:8, прапусціўшы 5 шайбаў у трэцім перыядзе. Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» закінуў нападнік Вячаслаў Грэцкі на 49-й хвіліне матчу. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 23 лютага ў гасцях у казанскага „Ак Барса”.
Беларускія дзюдаісты не змаглі падняцца на п’едэстал турніру ў Дзюсельдорфе
Беларускія дзюдаісты Дзмітры Шэршань у вагавай катэгорыя 66 кг і Дзмітрый Мінько ў вазе 66 кг засталіся без узнагарод міжнароднага турніру па дзюдо серыі „Вялікага шлема”, які праходзіць у нямецкім Дзюсельдорфе. Дзмітрый Мінько правёў тры паядынкі, прайграўшы пры гэтым у адной сустрэчы расейцу Якубу Шамілаву. Дзмітрый Шэршань саступіў у першай сутычцы ўзбекскаму дзюдаісту бронзаваму прызёру Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра Дыербеку Уразбоеву. Такім чынам, беларусы выбылі са спаборніцкай гонкі.
Аляксандра Сасновіч выйшла ў 2-і раўнд кваліфікацыі ў Досе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч святкавала перамогу ў першым раўндзе кваліфікацыі турніру катэгорыі „Прэм’ер” ў катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 900 тысяч даляраў. Беларуска сустракалася са швейцарскай тэнісісткай Вікторыяй Галубіч і выйграла ў трохсэтавым паядынку – 3:6, 6:3, 6:1. У вырашальным матчы за выхад у асноўную сетку Аляксандра Сасновіч згуляе з пераможцай сустрэчы паміж расейкамі Дар’яй Касаткінай і Наталляй Віхлянцавай. На турніры АТП у Марсэлі беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў саступіў 19-гадоваму канадцу Феліксу Ожэ-Альясіму з лікам 5:7, 2:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 39 хвілін.
Берасцейскае „Дынама” і „Шахцёр” перамаглі, менскае „Дынама” прайграла ў спарынгах
Футбалісты берасцейскага „Дынама” пераможна завяршылі трэніравальны збор у турэцкім Белеку. Чэмпіёны Беларусі перайгралі казахстанскі клуб „Табол” з лікам 1:0. Пераможны гол на 27-й хвіліне сустрэчы забіў Павел Савіцкі. Да гэтага падначаленыя Сяргея Кавальчука выйгралі ў казахстанскага „Каспія” 1:0 і згулялі ўнічыю з украінскімі „Карпатамі” са Львова 2:2. Бронзавы прызёр беларускага першынства салігорскі „Шахцёр” у сваім апошнім спарынгу турэцкага збору разграміў туркменскі „Шагадам” з лікам 5:0. У гэтай гульні галявы дубль аформіў Дарка Бодул. Футбалісты менскага „Дынама” з буйным лікам прайгралі маскоўскім дынамаўцам, прапусціўшы па два мячы ў кожным з таймаў – 0:4.
Дубль Левандоўскага прынёс „Баварыі” перамогу над „Падэрборнам”
У матчы 23-га тура чэмпіянату Нямеччыны па футболе „Баварыя” ўзяла верх над „Падэрборнам” з лікам 3:2. Два з трох мячоў у пераможцаў забіў польскі нападнік Роберт Левандоўскі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя