Менскае «Дынама» саступіла «Амуру»



Хакеісты менскага «Дынама» саступілі хабараўскаму «Амуру» ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:4. Для «зуброў» гэта дзясятая параза запар. На 12-й хвіліне матчу форвард «Дынама» Франсіс Парэ адкрыў лік.

На 23-й нападнік Іван Драздоў умацаваў перавагу сваёй каманды. Яго тут жа падтрымаў аднаклубнік Марк-Андрэ Граньяні – 3:0. У трэцім перыядзе хакеісты «Дынама» прыкметна расслабіліся. На 49-й хвіліне супрацьстаяння гаспадары лядовай пляцоўкі рэалізавалі большасць. Шайбу закінуў Гінэк Загорна. Хакеіст тут жа аформіў дубль, а яго таварыш па камандзе Максім Ігнатовіч зраўняў лік. Форвард «Амура» Уладзіслаў Ушэнін пад заслону супрацьстаяння забіў пераможны гол.

Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 25 снежня ў гасцях у пекінскага «Куньлуня».

Абаронца Мэцью Маён не прайшоў прагляд у менскім «Дынама»

Канадскі абаронца Мэцью Маён не прайшоў прагляд у менскім «Дынама» і не атрымае паўнавартаснага кантракту. Пра гэта паведамляе championat.com. З пачатку сезона Маён выступаў за «Куньлунь», але на фоне нізкай статыстыкі (тры выніковыя перадачы ў 16 матчах) кантракт з канадцам быў разарваны. 13 снежня менскае «Дынама» заключыла з 29-гадовым абаронцам пробны кантракт. За беларускі клуб Маён правёў тры матчы, у якіх не адзначыўся выніковымі дзеяннямі. Ураджэнец Таронта выступаў у хакейнай лізе Антарыё, але ў НХЛ прабіцца так і не здолеў. У выніку Маён перабраўся ў Славакію, а затым і ў Фінляндыю. Пасля паспяховых выступаў у Фінляндыі ён атрымаў запрашэнне ад клуба КХЛ «Дынама» Рыга. У сезоне-2017/18 у 58 матчах набраў 46 (11 + 35) ачкоў. Маён таксама прадстаўляў рыжскае «Дынама» на Матчы зорак КХЛ.

Вызначыліся ўдзельніцы «Фіналу чатырох» Кубка Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд

Дзеючы ўладальнік трафея «Мінчанка» і магілёўскі «Камунальнік-МДУ» трапілі ў вырашальную стадыю турніру, абмінаючы папярэднюю. Другую пару «Фіналу чатырох», які прыме Магілёў, складуць берасцейскае «Прыбужжа» і «Жамчужына Палесся» (Мазыр). Берасцейкі ў двух матчах апынуліся мацней за гарадзенскую каманду «Камунальнік-ГрДУ» 3:0; 3:0, а мазыранкі двойчы перамаглі «Мінчанку-2» з лікам 3:2; 3:0. Паўфіналы пройдуць 28 снежня.

Аляксандр Сяднёў прызначаны галоўным трэнерам берасцейскага «Руху»

Кантракт з настаўнікам падпісаны па сістэме 1+2. Таксама ў трэнерскі штаб на новы сезон увайшлі Андрэй Чалмадзееў, Аляксандр Дзямешка і Андрэй Цэван, адзначае прэс-служба «Руху». Апошнім месцам працы Сяднёва быў казахстанскі «Актобэ». Пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста клуб, які меў сур’ёзныя фінансавыя цяжкасці і якога аштрафавалі на 12 ачкоў за даўгі перад гульцамі, замкнуў табліцу чэмпіянату Казахстана. «Рух» у будучым сезоне згуляе ў вышэйшай лізе – берасцейцы абыгралі «Дняпро» у пераходных матчах.

Беларускае Радыё Рацыя