Менскае „Дынама” саступіла „Сочы”



Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Сочы” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 1:4. Адзіную шайбу ў складзе дынамаўцаў закінуў Дзмітрый Знахаранка. Для „зуброў” гэта чацвёртая параза запар. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 6 снежня на „Менск-Арэне” супраць чарапавецкай „Северсталі”.

„Нёман” абыграў „Гомель”

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Гомель” у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі з лікам 4:2. На другой хвіліне супрацьстаяння вызначыўся форвард „Нёмана” Мікалай Сусла. Яго падтрымалі партнёры па камандзе Арцём Кіслы і Ціма Хільтунен. У другім перыядзе на 24-й хвіліне матчу паменшыў адставанне сваёй каманды нападнік Юрый Какшараў. Таксама ў сярэдзіне дваццаціхвілінкі форвард прарваўся праз абарону супернікаў і забіў гол, аформіўшы дубль.

У пачатку трэцяга перыяду гаспадары лядовай пляцоўкі страцілі канцэнтрацыю. „Нёман” жа павялічыў націск і на 42-й хвіліне гульні Сяргей Маляўка падвоіў перавагу. Гарадзенцы паспяхова абараняліся і збераглі перавагу ў ліку да фінальнай сірэны. У іншых матчах чэмпіянату Беларусі салігорскі „Шахцёр” у авертайме выйграў у маладзечанскага „Дынама” – 4:3. Жлобінскі „Металург” прайграў менскаму „Юнацтву” — 1:3.

Зборная Беларусі па міні-футболе выйграла турнір у Іране

Зборная Беларусі па міні-футболе стала пераможцам міжнароднага турніру ў іранскім Мешхедзе. У заключным матчы беларусы ва ўпартай барацьбе нанеслі паразу гаспадарам спаборніцтваў чэмпіёнам Азіі і бронзавым прызёрам Чэмпіяната свету іранцам з лікам 3:2. Ужо на зыходзе першай хвіліны госці апынуліся ў ролі даганяючых, але не збіраліся здавацца. Да перапынку Сяргей Крыкун і Антон Гусакоў забілі два мячы, у самым пачатку другога тайма іранцы зраўнялі лік, а потым Уладзімір Жыгалка забіў пераможны мяч. На старце турніру падначаленыя Аляксандра Савінцава абыгралі каманду Славакіі з лікам 4:1. Для зборнай Беларусі гэты турнір стаў адным з этапаў падрыхтоўкі да элітнага раунда адборачнага турніру чэмпіянату свету. У пачатку 2020 года беларусы адправяцца ў Партугалію, дзе іх супернікамі па групе А будуць гаспадары турніру, а таксама каманды Італіі і Фінляндыі.

Паўабаронца Павел Забелін працягнуў кантракт з „Нёманам”

Паўабаронца Павел Забелін працягнуў кантракт з „Нёманам” да канца 2020 года. Пра гэта паведамляе прэс-служба футбольнага клуба.

Усяго ў сезоне 2019 года Забелін правёў за клуб 18 афіцыйных матчаў (35% ад згулянага ў гэтым сезоне камандай часу), у якіх адзначыўся 1 раз, забіўшы мяч у браму наваполацкага „Нафтана” у Кубку Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя