Менскае „Дынама” саступіла „Сочы” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ саступілі „Сочы” з лікам 2:5 і працягнулі серыю паразаў, якая цяпер складае восем гульняў запар. Арцём Дзямкоў і Раян Спунэр закінулі шайбы за «зуброў».

Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 21 снежня ў гасцях супраць „Адмірала” з Уладзівастока.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” перамаглі „Клуж” ў матчы Кубка ФІБА-Еўропа

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” дамагліся першай перамогі на другім групавым этапе Кубка ФІБА-Еўропа. Менскія „цмокі” на арэне сталічнага „Фалькон клуба” ў матчы 2-га тура групы J прымалі румынскі „Клуж” і перамаглі з розніцай у два ачкі – 78:76. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Домінэс Барнэт, у актыве якога 15 балаў. Свой наступны паядынак „Цмокi” правядуць 8 студзеня на выездзе з баскетбалістамі яшчэ аднаго румынскага клуба „Орадзя”.

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” няўдала правялі хатні матч плей-оф Еўракубка. На пляцоўцы сталічнага „Фалькон клуба” падначаленыя Андрэя Ваўлева саступілі іспанскай „Герніцы” з лікам 52:57. Самай выніковай у складзе гаспадароў стала Одэра Чыдам, якая набрала 15 ачкоў. Сустрэча ў адказ за выхад у 1/8 фіналу адбудзецца 9 студзеня ў Іспаніі.

Валейбалісты менскага „Будаўніка” выбылі з Кубка Выкліку ЕКВ

Валейбалісты менскага „Будаўніка”, саступіўшы супернікам з чэшскай каманды „Карлаварска” ў матчы ў адказ 1/16 фіналу Кубка выкліку ЕКВ з лікам 0:3, выбылі з ліку прэтэндэнтаў на трэці па значнасці трафей ў еўрапейскім клубным валейболе. Для працягу барацьбы ў Кубку Выкліку ЕКВ падначаленым Аляксандра Сінгаеўскага неабходна было выйграваць з лікам 3:1 або 3:0. Аднак чэшскія валейбалісты з самага пачатку захапілі ініцыятыву, прымусіўшы гульцоў беларускай каманды часта памыляцца на прыёме і ў абароне.

«Барса» і «Рэал» згулялі «суперкласіка» «на нуль»

У перанесеным матчы 10-га тура Ла Лігі „Барселона” прымала мадрыдскі „Рэал” на Камп Ноў. Каманды так і не змаглі адкрыць лік у матчы. Гэта першая гульня з 2002 года паміж гэтымі камандамі без забітых мячоў. Нічыйны вынік не змяніў становішча каманд у турнірнай табліцы. „Барселона” ідзе на першым месцы, „Рэал” – другі. Магчыма гол у матчы забіў бы Крышціяну Раналду, калі б далей выступаў за мадрыдцаў. Але цяпер ён забівае за турынскі „Ювентус”. Напярэдадні ён прынес сваёй камандзе перамогу ў матчы з „Сампдорыяй”, забіўшы мяч з вышыні 2,5 метра. Пры ліку 1:1 на апошняй хвіліне першага тайма Раналду замкнуў галавой перадачу з процілеглага флангу. І зрабіў ён гэта ў сваім фірмовым скачку, які наўрад ці хто-небудзь з сучасных футбалістаў змог бы паўтарыць.

„Ліверпуль” перамог „Мантэрэй” і выйшаў у фінал клубнага Чэмпіяната свету

Футбалісты англійскага „Ліверпуля” выйшлі ў фінал клубнага чэмпіянату свету ў катарскай Досе. Пераможцы еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў адолелі з лікам 2:1 мексіканскі „Мантэрэй”, які ў гэтым сезоне выйграў Лігу чэмпіёнаў краін КОНКАКАФ. На 12-й хвіліне Набі Кейта вывеў ліверпульцаў наперад, а яшчэ праз дзве хвіліны Рахеліа Фунэсу зраўняў лік. У кампенсаваны час другой паловы гульні ўдар Раберта Фірміна прынёс перамогу „Ліверпулю”. У першым паўфінале уладальнік паўднёваамерыканскага Кубка Лібертадорэс бразільскі „Фламенга” святкаваў валявую вікторыю над трыумфатарам азіяцкай Лігі чэмпіёнаў прадстаўніком Саудаўскай Аравіі клубам „Аль-Хіляль” з Эр-Рыяда – 3: 1.

У суботу „Фламенга” і „Ліверпуль” сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за тытул клубнага чэмпіёна планеты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя