Менскае „Дынама” саступіла „Сочы” ў матчы чэмпіянату КХЛ



Менскае „Дынама” з паразы пачало другую серыю хатніх паядынкаў. „Зубры” саступілі хакейнаму клубу „Сочы” з лікам 1:2.

Першымі вызначыліся госці. Ігар Рудзенкоў закінуў сваю другую шайбу ў сезоне, вывеўшы наперад каманду беларускага трэнера Аляксандра Андрыеўскага. На восьмай хвіліне мінчане засталіся ў меншасці, і гульцам „Сочы” спатрэбілася 10 секунд, каб падвоіць розніцу ў ліку дзякуючы Ерэ Кар’ялайнену. У другой дваццаціхвілінцы каманды паказалі больш роўны хакей. І шайба пабывала ў сетцы толькі аднойчы. На 32-й хвіліне сустрэчы Роб Клінкхамер засмуціў галкіпера „леапардаў”, паспяхова завяршыўшы намаганні Франсіса Парэ і Шэйна Прынса пры гульні менчанаў у большасці. У заключнай трэці матчу мінчукі працягнулі гуляць у атакуючы хакей і некалькі разоў былі блізкія да таго, каб адыграцца. На 42-й хвіліне Ягор Шаранговіч трапіў у штангу, а на 47-й хвіліне Уладзіслаў Калячонак прымусіў папрацаваць галкіпера гасцей. Незадоўга да сірэны Дамінік Фурх пакінуў месца ў брамцы, выйшаў шосты палявы гулец. Пачаўся апошні штурм брамкі „леапардаў”, але зраўняць лік у мінчанаў не атрымалася. Наступны хатні матч „Дынама” згуляе заўтра супраць кітайскага „Кунлуня”. Матч на „Мінск-Арэне” пачнецца ў 19.30 па беларускім часе.

Беларусь згуляе з Грузіяй у паўфінальным матчы кваліфікацыі Еўра

Зборная Грузія па футболе сёння прыме Беларусь у матчы паўфіналу кваліфікацыі Еўра-2020, шлях D. Гульня на Тбіліскім Стадыёне імя Барыса Пайчадзэ без гледачоў. Пачатак сустрэчы – у 19.00 па беларускім часе. Букмекеры ўжо далі прагноз, у якім аддаюць перавагу гаспадарам: паставіць на перамогу Грузіі ў букмекерскіх канторах можна з каэфіцыентам 2.26. Поспех Беларусі ацэнены букмекерамі каэфіцыентам 3.88. Матч будзе абслугоўваць турэцкая брыгада арбітраў на чале з Джюнэйтам Чакырам, – інфармуе афіцыйны сайт УЕФА. Вядома, што ў Тбілісі не паляцеў паўабаронца зборнай Беларусі Павел Савіцкі. У хаўбека берасцейскага „Дынама” пашкоджанне задняй паверхні сцягна.

Алег Конанаў можа стаць трэнерам „Уфы”

Былы галоўны трэнер „Краснадара” і „Спартака” Алег Конанаў можа ўзначаліць „Уфу”, паведамляе Sport24. 54-гадовы беларускі спецыяліст вярнуўся ў Расею гэтай восенню, па сямейных абставінах спыніўшы працу ў „Рызе”. У РПЛ, акрамя „быкоў” і чырвона-белых, ён таксама трэніраваў „Ахмат” і тульскі „Арсенал”. Напярэдадні „Уфа” аб’явіла аб адстаўцы галоўнага трэнера Вадзіма Яўсеева. Бакі спынілі супрацоўніцтва па дамоўленасці бакоў.

Матч Унікса – „Цмокi” перанесены з-за эпідэміі каранавіруса ў складзе „цмокаў”

Дзве гульні рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ Унікс – „Цмокi” і „Парма” – „Енісей” перанесены на больш позні тэрмін. Прычынай з’яўляюцца станоўчыя тэсты на COVID-19 у гульцоў „цмокаў” і „Енісея”, паведамляе афіцыйны сайт лігі. Сярод тых, хто захварэў у „Цмокаў” Уладзімір Верамеенка і Расціслаў Вяргун. У шэрагу астатніх гульцоў тэст паказаў „папярэдне станоўчы вынік”. Уся каманда вымушана адправіцца на каранцін. У абодвух выпадках каманды не могуць заявіць на матч не менш за 5 баскетбалістаў з адмоўнымі тэстамі на каранавірус – гэта мінімальная колькасць гульцоў, пры якіх па правілах ФІБА гульня можа адбыцца. Абодва матчы павінны былі прайсці 9 кастрычніка. Пра новыя даты гульняў будзе абвешчана пазней.

Беларускае Радыё Рацыя