Менскае „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ саступіла ЦСКА
Хакеісты менскага „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ прайгралі маскоўскаму ЦСКА з лікам 1:4. Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» закінуў Аляксандр Когалеў.
Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта 21 лютага правядуць у Маскве з візітам у адказ супраць ЦСКА.
Беларускія тэнісісты прабіліся ў асноўную сетку турніру ў Марсэлі
Два беларускія тэнісісты прабіліся ў асноўную сетку турніру ў французскім Марсэлі з прызавым фондам 691 тысяча еўра. Ягор Герасімаў, які мае 72-і нумар сусветнага рэйтынгу, адолеў ў цяжкім трохсэтавым паядынку фінскага тэнісіста Эміла Русуворы. Саступіўшы першую партыю з лікам 4:6, беларус затым здолеў выйграць два сэты на тай-брэйку – 7:6 , 7:6. Сустрэча доўжылася 2 гадзіны 30 хвілін. Ілля Івашка таксама ў трохсэтавым матчы за 1 гадзіну 40 хвілін перайграў прадстаўніка Аўстраліі Аляксея Папырына – 6:1, 3:6, 6:4.
Берасцейскае „Дынама” пачне новы чэмпіянат Беларусі матчам са „Смалявічамі”
У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне стартавых тураў 30-га чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі, які пачнецца 19 сакавіка. Чэмпіён краіны берасцейскае „Дынама” ў першым туры новага першынства прыме на сваім полі футбалістаў „Смалявічаў”, якія вярнуліся ў элітны дывізіён. У другім туры берасцейскія дынамаўцы згуляюць у гасцях у „Слуцка”. Срэбраны прызёр мінулага чэмпіянату барысаўскі БАТЭ пачне турнір выязнымі сустрэчамі: у першым туры са сталічным клубам „Энергетык-БДУ”, а затым згуляе ў Мазыры з мясцовай „Славіяй”. Уладальнікі бронзы футбалісты салігорскага „Шахцёра” спачатку згуляюць у сябе дома супраць жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, а потым адправяцца ў госці да „Гарадзеі”. Менскае „Дынама” на старце праэкзаменуе на сваім полі навабранца вышэйшай лігі берасцейскі „Рух”, а потым сустрэнецца з землякамі з ФК „Мінск”. У вышэйшай лізе юбілейнага чэмпіянату Беларусі прымуць удзел 16 клубаў, якія правядуць класічны двухколавы турнір з матчамі дома і ў гасцях. Прызёры першынства стануць вядомыя ў пачатку снежня.
Карэйскі паўабаронца падпісаў кантракт з менскім „Дынама”
Паўабаронца з Паўднёвай Карэі Кім Чжун Ен падпісаў кантракт з менскім „Дынама”. Кім – выхаванец сеульскай футбольнай акадэміі „Ханянг”. Футбаліст прыбыў на прагляд у беларускі клуб на першы вучэбна-трэніровачны збор у Сочы, а 17 лютага падпісаў кантракт, адзначае прэс-служба „Дынама”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА