Менскае „Дынама” выйграла ў „Славіі”



Футбалісты менскага „Дынама” абыгралі ў гасцях мазырскую „Славію” з лікам 1:0 у заключным матчы 28-га тура чэмпіянату Беларусі. Пераможны мяч у гэтай сустрэчы забіў нападнік дынамаўцаў Уладзімір Хвашчынскі, які вызначыўся на 80-й хвіліне. У першым матчы футбалісты мінскага „Энергетыка-БДУ” разграмілі ў Бабруйску мясцовую „Белшыну” 5:1 – галявы дубль аформіў Айк Масаханян.

Юрый Габоўда – Лепшы гулец 28-га тура

Паўабаронца жодзінскага „Тарпеда” -БелАЗа Юрый Габоўда быў прызнаны рэдакцыяй „Прессбола” самым карысным гульцом 28-га тура чэмпіянату Беларусі. Менавіта яго дубль заклаў падмурак для перамогі над берасцейскім „Дынама”. Такім чынам жодзінцы не толькі канчаткова выбілі берасцейцаў з залатой гонкі, але і самі захавалі шанцы на тытул. Цікава, што Габоўда ў 2017 годзе выступаў у чэмпіянаце Вугоршчыны, а ў Жодзіна перабраўся ўжо па ходу сезона. Аднак хутка адаптаваўся і ў 8 матчах вызначыўся 5 разоў.

„Шахцёр” забіў кіеўскаму „Дынама” тры мячы

Данецкі „Шахцёр” разграміў кіеўскае „Дынама” ў матчы 8-га тура чэмпіянату Украіны — 3:0. Пасля васьмі тураў каманда Мірчы Лучэску лідыруе ў табліцы з 20 баламі, у данецкай дружыны цяпер 19 ачкоў і другое месца. „Манчэстар Сіці” і „Ліверпуль” згулялі ўнічыю ў матчы 8-га тура чэмпіянату Англіі – 1:1. На гол Махамеда Салаха манкуніянцы адказалі мячом Габрыэла Жэзуса. „Сіці” з 12 баламі ідзе 11-м у табліцы, у „Ліверпуля” 17 ачкоў і трэцяя пазіцыя. „Лестэр” на сваім полі перамог „Вулверхэмптан” з лікам 1:0, дзякуючы голу Вардзі з пенальці, дарэчы свой другі адзінаццаціметровы нападнік не рэалізаваў. „Лацыё” згуляў унічыю з „Ювентусам” у матчы 7-га тура чэмпіянату Італіі – 1:1. На гол Крышціяну Раналду гаспадары адказалі мячом Фэліпэ Кайсэда ў кампенсаваны час. Рымляне падняліся на дзявятае месца ў табліцы з 11 ачкамі, у „Ювентуса” 13 балаў і трэцяе месца.

Рогліч выйграў „Вуэльту Іспаніі-2020”

Славенскі веласіпедыст Прыма Рогліч з каманды Jumbo – Visma выйграў „Вуэльту Іспаніі-2020”. Вынік балканскага спартоўца ў генеральнай класіфікацыі – 72 гадзіны 46 хвілін 12 секунд. Другое месца пакінуў за сабой Рычард Карапас з Эквадора, які прадстаўляе на Гранд-Туры па дарогах Іспаніі дружыну INEOS. Лацінаамерыканец саступіў 24 секунды. Трэцяе месца ў брытанца Х’ю Карці з EF, якога ад пераможцы аддзялілі 1 хвіліна і 15 секунд. Беларус Аляксандр Рабушэнка, які падоўжыў на год пагадненне са сваёй камандай UAE Team Emirates заняў у выніковым пратаколе „Вуэльты-2020” 90-е месца саступіўшы славенцу 3 гадзіны 26 хвілін і 12 секунд.

Беларускае Радыё Рацыя