Менскае „Дынама” выйшла ў другі раўнд адбору Лігі Еўропы
Менскае „Дынама” паспяхова пераадолела 1-ы кваліфікацыйны бар’ер футбольнай Лігі Еўропы. У матчы ў адказ каманда пад кіраваннем Сяргея Гурэнкі перамагла на выездзе фарэрскі „Рунавік” – 2:0. Важна, што ўжо на 6-й хвіліне бела-блакітныя засталіся ў меншасці з-за выдалення Арцёма Быкава – рэдкасны непрафесіяналізм беларускага футбаліста.
Ролю лідара ў атацы дынамаўцаў у гэты дзень узяў на сябе Антон Сарока. На 31-й хвіліне ён забіў мяч у браму суперніка, а на самым зыходзе сустрэчы паспяхова рэалізаваў пенальці, аформіўшы дубль.
Напомнім, што ў першым паядынку дынамаўцы перамаглі з лікам 2:1.
У наступным раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы менчукі пазмагаюцца з македонскім клубам „Работнічкі”. Сустрэчы пройдуць 13-га і 20-га ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя