Менскае „Дынама” выйшла ў лідары



2 тур нацыянальнага першынства па футболе выявіў аднаасобнага лідара. Менскае “Дынама” пад талковай рукой дасведчанага Сяргея Бароўскага мінімальна адолела на сталічным стадыёне “Трактар” наваполацкі “Нафтан” – 1:0. Мяч на 78-й хвіліне сустрэчы забіў Уладзімір Хвашчынскі. Такім чынам бела-блакітныя набралі 6 ачкоў.

Першай вікторыі ў чэмпіянаце дамогся гарадзенскі “Нёман”, які ў гасцях адолеў “Іслач” – 1:0. Тры ачкі нёманцам прынёс трапны стрэл Паўла Савіцкага на 74-й хвіліне. Лік 1:0 быў самым папулярным у гэтым туры. Менавіта так мазырская “Славія” перамагла на сваім полі “Гарадзею”. Гол на свой рахунак запісаў Аляксандр Катляроў (79-я хвіліна).

Найбольш пераканаўча выступіў у гэтыя дні магілёўскі “Дняпро”, які разграміў у Віцебску аднайменны клуб – 4:0. Мячы там забілі Мурат Хотаў (10-я), Яўген Чумак (26-я), Дзмітрый Башлай (35-я) і Уладзімір Юрчанка (85-я).

Салігорскі “Шахцёр” прымаў “Гомель” – нягледзячы на перавагу сярэбраных прызёраў мінулага чэмпіянату, клубы разышліся ў выніку мірам 0:0.

Чэмпіён краіны БАТЭ змагаўся перад сваімі гледачамі ў Барысаве з футбольным клубам “Мінск”, які, нягледзячы на рэзкае амаладжэнне складу, выступае вельмі годна. Вырваць тры ачкі барысаўцы здолелі толькі ў самай канцоўцы сустрэчы – на 90-й хвіліне вызначыўся выйшаўшы на замену серб Анэс Рушавіч1:0. Гэта быў першы гол балканскага легіянера ў беларускім чэмпіянаце.

Завяршалі нядзельную праграму менскія “Крумкачы” і берасцейскае “Дынама”. На 50-й хвіліне лік адкрылі гаспадары поля – вызначыўся Аляксандр Скшынецкі. Але на 63-й высілкамі Аляксея Лягчыліна дынамаўцы параўнялі лічбы на табло – выніковыя 1:1.

Па 4 ачкі ў турніры набралі БАТЭ, “Крумкачы”, “Шахцёр”, “Нёман” і “Славія”.

Беларускае Радыё Рацыя