Менскае „Дынама” выйшла ў плэй-оф чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату КХЛ.
Выхад у наступную стадыю турніру стаў магчымы пасля таго, як падольскі „Віцязь” саступіў фінскаму „Ёкерыту” з лікам 1:5. Такім чынам, „зубры” канчаткова замацаваліся ў васьмёрцы наймацнейшых дружын канферэнцыі „Захад”, стаўшы недасягальнымі для пераследнікаў.
Менскае „Дынама” згуляе ў плэй-оф КХЛ пяты раз, апошні раз яны выступалі ў Кубку Гагарына ў сезоне 2016/2017. Каманда ні разу не праходзіла першы раўнд плэй-оф. У рэгулярным чэмпіянаце менчукам засталося правесці яшчэ тры паядынкі: сёння на хатняй арэне з „Амурам”, 25 лютага ў гасцях з рыжскім „Дынама” і 27 лютага таксама ў гасцях з пецярбуржскім СКА.
Сцяпан Фалькоўскі трапіў у сферу інтарэсаў расейскіх клубаў КХЛ
Беларускі абаронца менскага „Дынама” Сцяпан Фалькоўскі трапіў у сферу інтарэсаў расейскіх клубаў КХЛ. „Некалькі клубаў КХЛ пільна сочаць за абаронцам менскага „Дынама”. Гульня Сцяпана ў плэй-оф можа вельмі моцна паўплываць на будучыню яго кар’еры”, піша телеграм-канал „Хакейны Бульбаш”. У гэтым сезоне на рахунку Фалькоўскага 17 (9 + 8) ачкоў у 34 матчах пры паказчыку карыснасці +7.
Васілеўскі і Эрліх выйшлі ў 1/4 фіналу турніру ў Манпелье
Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх паспяхова стартавалі ў парным разрадзе турніру ў французскім Манпельё з прызавым фондам 262 тысячы еўра. У матчы 1/8 фіналу яны перамаглі ў дзвюх партыях індыйска-славацкі дуэт Дзівіж Шаран / Ігар Зеленай – 7:5, 6:3. У чвэрцьфінале Андрэй Васілеўскі і Ёнатан Эрліх сустрэнуцца з нідэрляндска-шведскім тандэмам Давід Пел / Андрэ Горансан.
Дзмітрый Лісаковіч вяртаецца з міні-футбола ў вялікі
Нападнік „Сталіцы” Дзмітрый Лісаковіч працягне кар’еру ў футбольным клубе „Іслач”. Гэта адзін з нешматлікіх трансфераў у гісторыі па маршруце міні-футбол – вялікі футбол, адзначае прэс-служба „Сталіцы”.
Дзмітрый Лісаковіч стаў гульцом „Сталіцы” летам 2019 года. Нападнік правёў у міні-футбольным чэмпіянаце пяць гульняў і забіў адзін гол, які ў выніку быў прызнаны самым прыгожым у туры. Прафесійную кар’еру пачаў у 14 гадоў у складзе роднай „Узды”. Далей быў дубль салігорскага „Шахцёра”, „Крумкачы” і „Тарпеда” Менск. Пасля паўтара гадоў у футзале Дзмітрый усё-ткі вырашыў вярнуцца ў звыклы для сябе вялікі футбол.
Дубль Роналду дапамог «Ювентусу» разграміць «Кратонэ»
У матчы 23-га тура італьянскай Серыі А «Ювентус» прымаў «Кратонэ». Сустрэча прайшла на стадыёне «Альянц – Ювентус» у Турыне і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 3:0. На 38-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Ювентуса» Крышціяну Раналду. У кампенсаваны час першага тайма Раналду аформіў дубль. На 66-й хвіліне паўабаронца «Ювентуса» Уэстон Маккена давёў лік да разгромнага. Турынскі «Ювентус» набраў 45 ачкоў і узняўся на 3-е месца ў турнірнай табліцы італьянскай Серыі А. У матчы 24-га тура іспанскай Прымеры «Севілья» перайграла «Асасуну» 2:0 і, набраўшы 48 ачкоў, паднялася на трэцяе месца ў турнірнай табліцы, абагнаўшы «Барселону», якая мае 47 ачкоў.
Матч гандбольнай ЛЧ „Мяшкоў Брэст” – „Порту” перанесены
Матч Лігі чэмпіёнаў паміж гандбалістамі клуба „Мяшкоў Брэст” і партугальскім „Порту”, які павінен быў адбыцца 24 лютага ў Берасці, перанесены. Гэта звязана з тым, што падчас трэніроўкі галкіпер партугальскага клуба Альфрэда Кіна перанёс спыненне сэрца. Яму аказалі экстраную медыцынскую дапамогу і даставілі ў цэнтральны шпіталь Порту. У сувязі з гэтым матч з чэмпіёнам Беларусі, які быў прызначаны на 24 лютага, па ўзгадненні партугальскага боку з Еўрапейскай федэрацыяй гандбола перанесены на нявызначаны тэрмін.
Беларускае Радыё Рацыя