Менскае „Дынама” вылецела з еўракубкаў



Менскае „Дынама” не здолела ўзяць рэванш у кіпрскага АЕКа з гораду Ларнака. Напомнім, што ў першым матчы 3-га адборавага раўнду Лігі Еўропы АЕК перамог дома 2:0.

Дынамаўцам належала ліквідаваць гэты дэфіцыт. У першым тайме менскага паядынку забіць не ўдалося. А неўзабаве пасля перапынку бела-блакітныя адкрылі лік – Антон Сарока рэалізаваў пенальці. Дынамаўцы працягвалі штурмаваць браму кіпрыётаў, але далей безвынікова. За 15 хвілін да канаца рэальны момант загубіў Сарока. Пасля менчукоў зноў падвёў Арцём Быкаў, які за дзве жоўтыя карткі быў выдалены з поля. Кіпрыёты займаліся сімуляцыямі і не грэбавалі ніякімі метадамі для ўтрымання патрэбнага ім ліку.

У самай канцоўцы „Дынама” пайшло ва-банк, у атаку пабёг і галкіпер Ігнатовіч. У выніку няўдалага падавання кутняга менчукі страцілі мяч і Акаран, прабёгшы амаль усё поле, закалаціў мяч у асірацелую браму – выніковыя 1:1. Менскае „Дынама” пакінула ўдзел у Лізе Еўропы.