Менскае „Дынама” забяспечыла месца ў плэй-оф КХЛ
У чарговым паядынку рэгулярнага першынства КХЛ „зубры” узялі верх над ханты-мансійскай „Югрой” – 3:2 па булітах.
Бела-блакітным дастаткова было набраць ачко ў гасцявым матчы, каб гарантаваць сабе месца ў плэй-оф. Пачатак сустрэчы быў няўдалым для беларускай каманды – яна прапусціла ўжо на 14-й (!) секундзе. Толькі ў сярэдзіне другога перыяду дынамаўцы здолелі адыграцца – гэта Роб Клінкаммер рэалізаваў колькасную бальшыню. У заключнай трэці сустрэчы Дзмітрый Корабаў вывеў менскі клуб наперад, але перавагу „зубры” не ўтрымалі -2:2 у асноўны час гульні. У дадатковыя хвіліны галоў не было зафіксавана. У серыі булітаў вызначыліся трапнымі стрэламі Арон Палушай і Аляксандр Мацярухін. „Дынама” у аналагічным спаборы перамагло 5-ы раз з 7-мі ў гэтым сезоне.
Менчукі набралі зараз 98 ачкоў, па-ранейшаму займаюць 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі і гарантавалі сабе месца ў плэй-оф. Ад 5-й пазіцыі, якую займае ніжнегародскае „Тарпеда”, дынамаўцы адстаюць на 4 ачкі.
Беларускае Радыё Рацыя