Менскае „Дынама” згуляла ўнічыю з „Энергетыкам-БДУ”
Футбалісты менскага „Дынама” не ўтрымалі перамогу ў матчы з „Энергетыкам-БДУ”, завяршыўшы яго ўнічыю – 3:3.
Ужо на 5-й хвіліне гульні дынамаўцы прапусцілі мяч пасля ўдару лепшага снайпера першынства Іллі Шкурына. Неўзабаве Дзмітрый Біланог і Філіп Іваноў вывелі „Дынама” наперад, але на 25-й хвіліне Ілля Шкурын зрабіў лік роўным – 2:2. На зыходзе гадзіны гульнявога часу харвацкі паўабаронца Ніно Галавіч зноў вывеў дынамаўцаў ў лідары, але ўтрымаць вікторыю ім не ўдалося – на 85-й хвіліне „студэнты” атрымалі права на пенальці, які рэалізаваў Ілля Шкурын, які аформіў хет-трык. Зараз на яго асабовым рахунку 17 мячоў, і ён упэўнена ўзначальвае бамбардзірскіх гонку.
Арына Сабаленка пазмагаецца з Кікі Бёртэнс за перамогу на малым выніковым турніры WTA
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (14-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабілася ў фінал малога выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) у кітайскім Чжухаі. Сёння ў паўфінальным паядынку з чэшскай тэнісісткай Каралінай Мухавай (26) беларуска з цяжкасцю выйграла першы сэт з лікам 7:5. У другой партыі Арына Сабаленка саступала 3:5, але затым здолела выраўняць становішча і вырваць перамогу на тай-брэйку – 7:6 (7:4). У першым паўфінальным матчы дзясятая ракетка свету галандская тэнісістка Кікі Бёртэнс ва ўпартай барацьбе адолела кітаянку Чжэн Сайсай (40) – 2:6, 6:3, 6:4.
Баксёр Дзмітры Асанаў заваяваў чацвёртае для Беларусі золата Сусветных ваенных гульняў
Дзмітрый Асанаў (вагавая катэгорыя 64 кг) выйграў чацвёртае золата беларускай каманды на Сусветных ваенных гульнях у Кітаі. У паядынку за золата прадстаўнік Беларусі перамог казахстанскага спартоўца Дзільмурата Міжытава. Бронзавыя ўзнагароды ў дадзенай вагавай катэгорыі дасталіся расейцу Аляксею Мазуру і Ях’е Абідэлю з Алжыра. Гэта другая ўзнагарода беларускай каманды ў спаборніцтвах па боксе. У стартах жанчын бронзу выйграла Вікторыя Кебікава (75 кг).
Дзяржынскі „Арсенал” аформіў пуцёўку ў першую лігу
У матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі „Арсенал” на сваім полі аказаўся мацнейшым за ДЮСШ-3-„Сэнлеса” (2:0). Такі вынік дазволіў камандзе з Дзяржынска датэрмінова заваяваць пуцёўку ў першую лігу.
„Кайрат” Аляксея Шпілеўскага перамог „Табол” і адарваўся ад „Астаны”
У матчы 31-га тура чэмпіянату Казахстана „Кайрат” на сваім полі перамог „Табол” з лікам 2:0. Цяпер на рахунку каманды беларускага трэнера Аляксея Шпілеўскага 65 ачкоў. „Кайрат” на пяць балаў апярэджвае „Астану”, якая ідзе на другім месцы і ў якой дзве гульні ў запасе.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА