Менскае «Тарпеда» зноў спрабуе адрадзіцца



Менскае «Тарпеда» абвясціла пра збор сродкаў і спрабуе адрадзіць каманду для ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі ў сезоне-2021. У афіцыйным акаўнце клуба з’явіўся зварот да заўзятараў і ўсіх неабыякавых да каманды людзей з просьбай пра фінансавую дапамогу для адраджэння і заяўку калектыву ў другую лігу першынства краіны.

«Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых ды футбольнага клуба »Тарпеда« Менск, беларускага футболу і незалежнага спорту ў нашай краіне. Толькі разам мы можам не даць знікнуць легендзе беларускага футбола, клубу з вялікімі традыцыямі і вялікай гісторыяй. Падтрымайце нас у сезоне-2021 Перад вамі паўстане новая аўтазаводская каманда  «Тарпеда», таму што больш за ўсё на свеце мы хочам гуляць у футбол і радаваць вас!» – гаворыцца ў паведамленні. Падтрымаць каманду можна на сайце МолаМола.

«Формула-1»  стартуе ў пачатку ліпеня двума этапамі ў Аўстрыі

Першы этап чэмпіянату свету па аўтагонках класа «Формула-1» 2020 года адбудзецца ў Аўстрыі 3-5 ліпеня. Сезон пачнецца двума этапамі на трасе ў аўстрыйскім Шпільбергу (3-5 ліпеня і 10-12 ліпеня), далей пройдуць этапы на аўтадромах у прыгарадзе вугорскага Будапешта (17-19 ліпеня), брытанскім Сільверстоўне (31 ліпеня – 2 жніўня і 7-9 жніўня), іспанскай Барселоне (14-16 жніўня), бельгійскім Спа (28-30 жніўня) і італьянскай Монцы (4-6 верасня). У рамках кожнага Гран-пры адбудуцца заезды гонкавых серый «Формула-2» і «Формула-3». Адзначаецца, што першыя заезды гонкі пройдуць без гледачоў. Сябры каманд будуць лётаць на чартарных рэйсах, а па прыбыцці на месца гонак будуць ізаляваныя ад мясцовага насельніцтва.

18-гадовы Андрэй Дубінін заключыў пагадненне з польскім «Заглембе»

18-гадовы беларускі нападнік Андрэй Дубінін падпісаў гадавы кантракт з польскім «Заглембе», – перадае «БХ». У мінулым сезоне хакеіст правёў 17 матчаў у чэмпіянаце Польшчы за «Заглембе», дзе набраў 7 (3+4) бамбардзірскіх балаў.

Наступны сезон чэмпіянату Італіі па футболе можа прайсці ў новым фармаце

Наступны сезон чэмпіянату Італіі па футболе можа прайсці ў новым фармаце. Розыгрыш чэмпіянату Італіі быў прыпынены ў сакавіку з-за пандэміі каронавіруса. Міністр спорту Вінчэнца Спадафора заявіў у канцы траўня, што турнір будзе адноўлены 20 чэрвеня. Апошні тур плануюць завяршыць 23 ліпеня. Фармат наступнага сезону можа быць зменены ў тым выпадку, калі цяперашні чэмпіянат не пачнецца да 12 верасня. Тады ліга будзе падзелена на два дывізіёны па 10 каманд у кожным. У канцы розыгрышу будзе прадугледжаны плэй-оф.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА