Менскаму стадыёну „Дынама” прысвоена вышэйшая катэгорыя УЕФА



Менскаму стадыёну „Дынама” прысвоена чацвёртая катэгорыя Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА), паведамляе прэс-служба АБФФ.

Беларуская федэрацыя футбола атрымала паведамленне аб прысваенні „Дынама” максімальнай катэгорыі ў адпаведнасці з рэгламентам УЕФА па інфраструктуры. Гэта дае магчымасць праводзіць матчы Лігі нацый, кваліфікацыі чэмпіянатаў свету і Еўропы з удзелам нацыянальных зборных, а таксама паядынкі групавых стадый і плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы УЕФА.

Стадыён „Дынама” быў афіцыйна адкрыты пасля рэканструкцыі 21 чэрвеня. Абноўленае спартыўнае збудаванне можа ўмяшчаць 22 234 гледачы.

Як удакладнілі ў АБФФ, у Беларусі на гэты час два стадыёны маюць чацвёртую катэгорыю УЕФА: „Дынама” (Менск) і „Барысаў-Арэна” (Барысаў). У стадыёнаў „Цэнтральны” (Гомель), ДАСК „Брэсцкі” (Берасце) і ЦСК „Нёман” (Гародня) трэцяя катэгорыя УЕФА.

zviazda.by