Менскі стадыён „Дынама” адкрыецца пасля рэканструкцыі 21 чэрвеня
Менскі стадыён „Дынама” афіцыйна адкрыецца пасля рэканструкцыі 21 чэрвеня гэтага года, паведаміў в. а. міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў на прэс-канферэнцыі 23 лютага.
праект стадыёна
„Стадыён адкрыецца роўна за год да пачатку II Еўрапейскіх гульняў. Будаўнікі запэўніваюць, што ўсё ідзе паводле графіка і арэна будзе здадзеная ў эксплуатацыю 1 чэрвеня. Пасля гэтага застанецца яшчэ 20 дзён, каб пратэставаць усе сістэмы і працу ўсіх службаў”, — сказаў Дурноў.
Паводле яго слоў, маштабнай шоу-праграмы ў межах адкрыцця не будзе. „Больш афіцыёз, таму што ўжо на наступны дзень адбудзецца матчавая сустрэча лёгкаатлетаў Беларусі і балканскіх краін”, — растлумачыў кіраўнік Мінспорта.
Стадыён „Дынама” быў закрыты на рэканструкцыю ў 2012 годзе. Планавалася, што ён зноў адкрыецца ў 2014 годзе, аднак тэрмін здачы аб’екта неаднаразова пераносілі.
Арэна перапрафілюецца з футбольнай на лёгкаатлетычную. Рэканструкцыя суправаджалася скандаламі, звязанымі з выбарам генпадрадчыка і нямэтавым расходаваннем бюджэтных сродкаў.
belapan.by