Менскія дынамаўцы буйна абыгралі „Куньлунь” у матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” з перамогі пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першым прыпынкам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага па ходу гасцявога турнэ сталі Мыцішчы, дзе беларускую каманду прымаў „Куньлунь Рэд Стар”. „Зубры” адкрылі лік ужо на другой хвіліне сустрэчы, аўтарам гола ў складзе менчан стаў Джэмел Сміт, які вярнуўся ў склад пасля пропуску некалькіх матчаў. Усяго праз 120 секунд дынамаўцы былі наперадзе ўжо на дзве шайбы – на гэты раз віншаванні ад партнёраў прымаў Вадзім Мароз. Наступны перыяд таксама скончыўся з лікам 2:0 на карысць менчан: спачатку большасць рэалізаваў Сэм Энас, а затым вызначыўся Вячаслаў Асін – гэтая шайба стала для расейца першай у форме „зуброў”. У заключнай трэці якія-небудзь змены ў ход гульні ўнесены не былі, у выніку ўпэўненыя 4:0, „Дынама” святкуе чацвёртую перамогу запар. Дзякуючы ўдалай серыі менчане ўзняліся на 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, у актыве каманды 18 ачкоў.
Хакеісты „Юнацтва” спынілі пераможную серыю „Віцебска” у беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Віцебску, Гародні і Лідзе ў сераду працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.
На поўначы краіны сустракаліся другая і трэцяя каманды бягучага сезона – „Віцебск” і „Юнацтва”. Два дні таму супернікі ўжо высвятлялі адносіны, і тады віцябляне былі мацней ў серыі булітаў. Не хапіла асноўнага часу і на гэты раз, сустрэча перайшла ў авертайм, а адтуль зноў у серыю пасляматчавых кідкоў. Дакладней на гэты раз было „Юнацтва” 3:2, якое тым самым узяла рэванш за няўдачу ў панядзелак і перапыніла серыю перамог „Віцебска”, якая налічвала дзевяць матчаў.
Паралельна ў Гародні самы выніковы паядынак вечара выдалі „Нёман” і „Дынама-Маладзечна”. Фінальны лік – 6:3 на карысць гаспадароў лёду. У яшчэ адным матчы дня ў Лідзе „Брэст” нанёс мясцоваму клубу сёмую паразу запар 2:1, пераможную шайбу ў складзе паўднёўцаў правёў Мікіта Цавалюк.
Аляксей Протас выкліканы назад у „Вашынгтон”
Беларускі нападнік раней быў адпраўлены ў фарм-клуб „Хершы”, аднак зараз, як і чакалася, вярнуўся ў каманду НХЛ.
Протас можа згуляць у стартавай сустрэчы новага сезона. 14 кастрычніка „Вашынгтон” сустрэнецца з „Піцбургам”. Пачатак матча – у 2 30 па беларускім часе.
«Чэхаўскія іядзведзі» абыгралі гандбалістаў «Машэкі» ў SEHA-лізе
У чарговым чэмпіянаце SEHA-лігі стартаваў трэці тур. «Чэхаўскія мядзведзі» святкавалі другую вікторыю запар, абыграўшы ў Магілёве гандбалістаў «Машэкі» з лікам 29:37. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Дзмітрый Корнеў – 12 мячоў, у гаспадароў па 6 разоў вызначыліся Антон Цыганкоў і Уладзімір Рубенкоў.
Валейбалісты „Шахцёра” прайгралі казанскаму „Зеніту” на старце расійскай Суперлігі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” з паразы стартавалі ў рэгулярным чэмпіянаце мужчынскай расійскай Суперлігі.
Першым супернікам „гарнякоў” у новым сезоне чэмпіянату Расіі стаў дзеючы пераможца турніру і адзін з самых тытулаваных клубаў кантынента – казанскі „Зеніт”. Нягледзячы на розніцу ў дасягненнях і магчымасцях, „Шахцёр” усю гульню змагаўся са знакамітымі гасцямі на роўных, але ўсё ж прайграў 1:3. Наступны паядынак у расійскай Суперлізе „Шахцёр” правядзе 21 кастрычніка ў гасцях у яшчэ аднаго прэтэндэнта на залатыя медалі турніру – маскоўскага „Дынама”.
Беларускае Радыё Рацыя