Менскія дынамаўцы спынілі пяціматчавую серыю паразаў у КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” спынілі серыю паразаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У другім матчы першай хатняй серыі сезона падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі падмаскоўны „Віцязь”.

Абедзве каманды пачалі чэмпіянат не лепшым чынам – перад вочнай сустрэчай супернікі размяшчаліся на двух апошніх месцах Заходняй канферэнцыі. На 16-й хвіліне паядынку менчане дазволілі гасцям выйсці наперад, але яшчэ да сыходу на перапынак Раман Гарбуноў аднавіў парытэт – 1:1. У другім перыядзе гледачы на „Менск-Арэне” ўбачылі ўсяго адну закінутую шайбу, яе аўтарам стаў форвард „Дынама” Сэм Энас. Лідарства „зуброў” захоўвалася да сярэдзіны заключнай трэці, калі гульцы „Віцязя” скарысталіся выдаленнем у складзе гаспадароў. Нічыйны лік пратрымаўся не доўга – за 4 хвіліны да сірэны Уладзіслаў Кадола прынёс нашаму клубу трэцюю перамогу ў бягучым сезоне – 3:2. Дзякуючы гэтаму поспеху сталічны клуб перапыніў серыю з пяці няўдач запар. На гэты момант „зубры” з сямю баламі ідуць на 8-й пазіцыі сярод 11 каманд Захаду.

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” адыгралі некалькі шайб і перамаглі „Юнацтва”

Трыма матчамі ў Берасці, Маладзечне і Жлобіне прадцягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самы напружаны паядынак вечара выдалі „Дынама-Маладзечна” і „Юнацтва”. Па ходу стартавай трэці мінчане былі далёка наперадзе – 3:0, а ў другім адрэзку вялі з лікам 4:2, але ўтрымаць перавагу не змаглі. У пачатку трэцяй 20-хвілінкі лічбы зраўняў Антон Мохараў, а незадоўга да сірэны Дзмітрый Амбражэйчык прынёс маладзечанцам перамогу – 5:4. Таксама ў пятніцу дзейныя чэмпіёны краіны з „Металурга” нечакана прайгралі „Лідзе” з лікам 2:4. У паралельным матчы „Віцебск” на чужым лёдзе разграміў „Берасце” – 6:1, дублем у складзе паўночнікаў вызначыўся Мікіта Ядраец. Пасля васьмі тураў табліцу беларускай экстралігі з 14 ачкамі ўзначальвае „Шахцёр”. Усяго на бал ад салігарчан адстаюць „Лакаматыў” і „Віцебск”.

Валейбалісткі „Менчанкі” выйгралі Суперкубак Беларусі

Валейбалісткі „Менчанкі” сталі ўладальніцамі жаночага Суперкубка Беларусі. Розыгрыш Суперкубка сярод жаночых каманд быў праведзены ўпершыню, паядынак за дэбютны трафей новага сезона прымаў спарткомплекс „Атлант” у Баранавічах. У матчы сышліся дзеючыя чэмпіёнкі краіны з „Менчанкі” і ўладальнік Кубка Беларусі 2022 года – берасцейскае „Прыбужжа”. Мацней у супрацьстаянні двух лепшых клубаў краіны сталі дзяўчаты са сталіцы, якім для перамогі хапіла трох партый 25:15, 25:22, 25:16. Далей „Менчанку” чакаюць матчы плэй-оф жаночага Кубка Расеі.

Хаслаханаў выступіць у суцяшальным турніры за бронзу чэмпіянату свету

У сталіцы Сербіі Бялградзе працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе, у якім пад нейтральным сцягам выступаюць беларускія спартоўцы. У пятніцу барцы грэка-рымскага стылю правялі адборавыя паядынкі ў вагавых катэгорыях да 60, 72 і 97 кг. У больш цяжкай вазе нашу краіну прадстаўляў чэмпіён свету сярод юніёраў і пераможца ІІ Гульняў краін СНД Абубакар Хаслаханаў. На стадыі 1/16 фіналу ён перамог датчаніна Матыяса Бака, у 1/8 фіналу – прадстаўніка Італіі Нікалоза Кахелашвілі, але ў чвэрцьфінале Абубакар не справіўся з Габрыэлем Расільё з Кубы. Аднак дзякуючы наступнаму выхаду кубінца ў фінал беларускі барэц атрымаў права працягнуць барацьбу за бронзу праз суцяшальны турнір.

Сабаленка, Швёнтак, Гаўф і Рыбакіна гарантавалі сабе ўдзел у Выніковым турніры WTA

WTA апублікавала імёны першых удзельніц Выніковага турніру WTA. Удзел у турніры гарантавалі сабе: першая ракетка свету WTA Арына Сабаленка, полька Іга Швёнтэк, пераможца US Open Коры Гаўф і Алена Рыбакіна, якая дэбютуе на турніры. Гаўф таксама забяспечыла сабе ўдзел у парным разрадзе з суайчынніцай Джэсікай Пегулай. Выніковы турнір WTA будзе праходзіць у мексіканскім Канкуне з 29 кастрычніка па 5 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя