Менскія дынамаўцы спынілі серыю няўдач у КХЛ, перамогшы „Адмірал”



Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі першую перамогу ў чарговай выязной серыі рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі.

У трэцім матчы бягучага выезду падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага сустракаліся з „Адміралам” з Уладзівастока, які на момант гульні меў найменшую колькасць набраных ачкоў сярод усіх каманд КХЛ. Стартавая трэць склалася для дынамаўцаў не лепшым чынам: за 20 хвілін „зубры” схапілі чатыры выдаленні, але рэалізаваць лішняга гаспадарам лёду ўдалося толькі раз. У другім перыядзе карціна змянілася на карысць гасцей – спачатку Сяргей Кузняцоў зраўняў лічбы, а праз пяць хвілін Вадзім Мароз вывеў мінчан наперад. У сярэдзіне заключнага адрэзка канадскі абаронца „Дынама” Роберт Хэмілтан правёў першую для сябе шайбу ў сезоне, усталяваўшы тым самым канчатковы лік – 3:1. Гэта перамога стала для мінчан толькі другой у дзесяці апошніх матчах, сталічны клуб спыніў серыю з чатырох паразаў запар. На дадзены момант каманда Квартальнага займае восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, набраўшы 36 ачкоў пасля 37 гульняў. Гасцявое турнэ „Дынама” завершыцца заўтра у Навасібірску матчам супраць мясцовай „Сібіры”.

„Юнацтва” узяло рэванш у «Дынама Маладзечна»

У чарговым матчы беларускай хакейнай экстралігі сталічнае «Юнацтва» адолела „Дынама” Маладзечна з буйным лікам 7:1. Тым самым «Юнацтва» адпомсціла маладзечанцам за паразу 3:5, якая адбылася 1 снежня ў сталіцы Беларусі. Менчане з 38 ачкамі займаюць пятае месца ў турнірнай табліцы.

„Мяшкоў Брэст” і менскі СКА перамаглі ў гульнях гандбольнага чэмпіянату Беларусі

„Мяшкоў Брэст” здабыў 12-ю перамогу запар у матчах чэмпіянату Беларусі па гандболе. У гасцявым паядынку 12-га тура чэмпіёны краіны абыгралі сталічны БДУФК-СКА 36:29. Галоўны канкурэнт берасцейцаў у барацьбе за залатыя медалі менскі СКА таксама на выездзе разграміў гандбалістаў „Гомеля” – 41:30. Яшчэ ў адным матчы гандбалісты „Машэкі” з Магілёва з цяжкасцю адолелі ў Менску выхаванцаў РДУАР – 30:28.

„Мяшкоў Брэст” набраў 24 ачкі з 24 магчымых, СКА адстае на 2 ачкі, трэцім ідзе БДУФК-СКА, у якога 14 заліковых балаў.

Два галоўныя фаварыты жаночага першынства напярэдадні пацярпелі паразы ў гасцявых паядынках 16-га тура. Чэмпіёнкі Беларусі гандбалісткі „Гомеля” пасля першага тайма сустрэчы ў Гародні выйгравалі ў мясцовай „Гараднічанкі” з перавагай у чатыры мячы, але ў другой палове гаспадыні здолелі пераламіць ход матча і перамаглі 31:29. Уладальнік срэбраных медалёў „БНТУ-БелАЗ” прайграў у Берасці спартоўкам „Вікторыі-Бярэсця” з лікам 25:29.

Менскае „Дынама” завяршыла выступы ў Юнацкай лізе УЕФА

Футбалісты менскага „Дынама” (U-19) завяршылі выступы ў Юнацкай лізе УЕФА. У паўторным паядынку 2-га кваліфікацыйнага раунда дынамаўцы саступілі аднагодкам з нямецкага „Майнца” з лікам 1:2. Лік быў адкрыты на 32-й хвіліне сустрэчы, калі Ноа Кляіч першым паспеў да мяча, які адскочыў ад перакладзіны. Праз 10 хвілін Максім Будзько скарыстаўся памылкай брамніка супернікаў і зраўняў лік. Пасля перапынку лік доўга не мяняўся, але літаральна за некалькі секунд да заканчэння кампенсаванага часу менчане празявалі флангавы праход капітана „Майнца” Даніэля Гляйбера, які забіў пераможны гол.

„Барселона” з мінімальным лікам абыграла «Атлетыка” ў бітве за трэцяе месца Прымеры

Каталонская «Барселона” на сваім полі перамагла мадрыдскі „Атлетыка „ў цэнтральным паядынку 15-га тура іспанскай Прымеры – 1:0. „Барселона” моцна правяла першы тайм і ўвасобіла перавагу ў гол на зыходзе паўгадзіны. Яго забіў Жаау Фелікс, які знаходзіцца на кантракце якраз у мадрыдскім клубе, а за „Барсу” выступае на правах арэнды. „Атлетыка” дадаў пасля перапынку, стварыў некалькі добрых магчымасцяў, але так і не здолеў прабіць Іньякі Пенью. Гаспадары таксама не рэалізавалі свае моманты, але захавалі перамогу з мінімальным лікам. Дзякуючы гэтаму поспеху каманда Хаві апярэдзіла „Атлетыка” ў табліцы і выйшла на чыстае трэцяе месца, адстаючы на чатыры пункты ад двух лідэраў – „Жыроны” і „Рэала”.

Фалей стала пераможцай турніру ITF у Ёкагаме

Беларуская тэнісістка Алена Фалей стала пераможцай турніру катэгорыі Challenger ITF у японскай Ёкагаме з прызавым фондам 40 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку беларуска, якая займае 301-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла ў дзвюх партыях японскую тэнісістку Аяна Шыміцу, у якой 368-я пазіцыя, з лікам 6:3, 7:5.

Беларускае Радыё Рацыя