Менскія „зубры” перамаглі амурскіх „тыграў”
У цэлым паспяховым для менскага „Дынама” выдаўся чарговы паядынак КХЛ у Хабараўску. На выездзе беларуская каманда адолела расейскі „Амур” з лікам 4:3. Упершыню ў бягучым розыгрышы лігі вікторыя да „Дынама” прыйшла ў серыі пасляматчавых булітаў.
Сустрэча выдалася вельмі супярэчлівай на эмоцыі. Двойчы „бела-блакітныя” былі наперадзе, але ў канцоўцы сустрэчы ўжо саступалі гаспадарам лёду – 2:3. І толькі за 10 секунд да фінальнай сірэны Андрэй Касціцын здолеў параўняць лік і перавесці гульню ў авертайм.
Адзін з лепшых беларускіх хакейных форвардаў у суверэннай гісторыі Андрэй Касціцын стаў сапраўдным героем гэтай сустрэчы. Усе тры шайбы ў матчы менавіта на яго рахунку. Гэта ўжо другі хет-трык нападніка ў сезоне. Прыкметна, што тры асістэнцкія балы пры тым набраў яго малодшы брат – Сяргей Касціцын.
А ў серыі пасляматчавых кідкоў вырашальны буліт выканаў Яўген Кавыршын.
Такім чынам „зубры” набралі 20 ачкоў і пакінулі апошні радок турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. „Дынама” зараз на 11-ым месцы і да зоны плэй-оф розніца на 5 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя