Месі чарговы раз прызнаны лепшым гульцом года па версіі ФІФА



Форвард „ПСЖ” і зборнай Аргентыны Ліянэль Месі атрымаў прыз лепшаму гульцу года па версіі ФІФА. На ўзнагароду таксама прэтэндавалі два французскія форварды: аднаклубнік Месі па «ПСЖ» Кіліян Мбапэ і прадстаўнік «Рэала» Карым Бензема. Месі з камандай Аргенціны выйграў чэмпіянат свету ў Катары, атрымаўшы прыз самаму каштоўнаму гульцу турніра. Аргентынец – сяміразовы ўладальнік «Залатога мяча», ён з’яўляецца рэкардсменам па гэтым паказчыку.

Лісаковіч забіў пераможны гол у таварыскім матчы „Рубіна” супраць „Шынніка”

Беларускі форвард Віталь Лісаковіч забіў пераможны гол у таварыскім матчы казанскага „Рубіна” супраць яраслаўскага „Шынніка”. Сустрэча завяршылася з лікам 2:1, а наш суайчыннік, выйшаўшы на замену, вызначыўся на 43-й хвіліне. Акрамя таго, абаронца Аляксандр Мартыновіч вывеў „Рубін” на футбольнае поле з капітанскай павязкай.

Сабаленка і Азаранка захавалі свае пазіцыі ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі

Беларуска Арына Сабаленка захавала другую пазіцыю ў абноўленым 27 лютага рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Пасля выхаду ў чвэрцьфінал турніру ў Дубаі ў актыве найлепшай беларускай тэнісісткі засталося 6100 ачкоў. Вікторыя Азаранка па-ранейшаму знаходзіцца на 14-м месцы, набраўшы 2237 балаў, Аляксандра Сасновіч займае 44-ю пазіцыю. На першым месцы па-ранейшаму полька Іга Свёнтэк.
Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), як і тыдзень таму, узначальвае серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларускіх тэнісістаў – Ілля Івашка – займае 80-е месца.

Украінскі трэнер Бябешка мог зноў узначаліць «Мяшкоў Брэст»

Як паведамляе Telegram-канал BYSport, украінскі трэнер Сяргей Бябешка мог вярнуцца ў «Мяшкоў Брэст» пасля адстаўкі з пасады галоўнага трэнера Дзмітрыя Ціхана. Паводле інфармацыі Telegram-канала, Бябешка сапраўды быў блізкі да вяртання ў Берасце. Не так даўно ён нават прыязджаў у горад над Бугам. Але да падпісання кантракта справа не дайшла. Аб прычынах непадпісання кантракта невядома. І зараз варыянт вяртання Бябешкі ўжо неактуальны. Пошукі новага галоўнага трэнера працягваюцца. Нагадаем, украінскі спецыяліст, які мае таксама іспанскае грамадзянства, узначальваў БГК у 2015-2018 гадах і тройчы прыводзіў яго да перамогі ў чэмпіянаце Беларусі. На дадзены момант «Мяшкоў Брэст» гуляе пад кіраўніцтвам в.а. галоўнага трэнера Васіля Астроўскага.

У Менску завяршыўся Кубак Беларусі па доўгіх кіданнях

На базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы завяршыўся Кубак Беларусі па доўгіх кіданнях. У спаборніцтвах па кіданні дыска ў мужчын перамог Віктар Трус, які адправіў снарад на 54,50 м, сярод жанчын першынствавала Святлана Сярова з лепшай спробай – 49,25 м. Наймацнейшым сярод кідальнікаў дзіды стаў лідар мужчынскай каманды Аляксей Каткавец (83,78 м). Чарговы поспех адсвяткавала і самая тытулаваная спартоўка Беларусі ў гэтым відзе Таццяна Халадовіч (63,84 м). Лепшыя вынікі сярод кідальнікаў молата паказалі Аляксандр Шымановіч (77,72 м) і Анастасія Маслава (69,94 м).

Беларускае Радыё Рацыя