Месі стаў васьміразовым уладальнікам Залатога мяча



Аргенцінскі нападнік Ліянэль Месі прызнаны лепшым гульцом года і атрымаў на цырымоніі ў Парыжы свой ужо восьмы Залаты мяч. Нагадаем, сёлета разам са зборнай Аргенціны ён у фінале абыграў зборную Францыі і выйграў чэмпіянат свету, дадаўшы у сваю скарбонку трафей, якога яму не хапала, бо на клубным узроўні ён выйграў усе магчымыя турніры. Паўабаронца мадрыдскага „Рэала” ангелец Джуд Белінгем стаў лепшым маладым гульцом года па версіі французскай газеты France Football. У намінантах на „Залаты мяч” ён заняў 18-е месца. Нагадаю, Белінгем перайшоў у «Рэал» з дортмундскай «Барусіі» ў мінулае трансфернае вакно за 103 мільны еўра.

Шкурын трапіў у зборную тура чэмпіянату Польшчы

Беларускі нападнік «Сталі» Ілля Шкурын трапіў у зборную 13 тура чэмпіянату Польшчы. У матчы супраць «Легіі», які яго каманда выйграла 3:1, Шкурын вызначыўся адным голам і дзвюма галявымі перадачамі. Па выніках матчу Шкурын атрымаў найвышэйшую адзнаку сярод гульцоў абедзвюх каманд – 8.3. Усяго ў гэтым сезоне ў Шкурына 4 галы і 5 выніковых перадач.

„Юнацтва” перамагло „Ліду” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі

Паядынкам „Юнацтва” і „Ліды” на „Чыжоўка-Арэне” завяршылася гульнявая праграма панядзелка ў беларускай хакейнай экстралізе. Два дні таму каманды ўжо сустракаліся ў сталіцы, і тады нечаканую перамогу з лікам 3:1 святкавалі хакеісты „Ліды”. Дзяліцца ачкамі з „рыцарамі” другім разам мінчане відавочна не збіраліся. У стартавым перыядзе гаспадары лёду стварылі нядрэнны задзел у дзве шайбы намаганнямі Уладзіслава Шылы і Паўла Шчарбакова, а ў наступнай траціне Арсеній Каўгарэня давёў разрыў да буйнога – 3:0. Яшчэ адну шайбу за „Юнацтва” закінуў Аляксандр Кітараў, „Ліда” адказала толькі дакладнымі кідкамі Антона Грышанава і Артура Пархомчыка. Фінальны лік – 4:2, падначаленыя Віктара Касцючэнкі перарываюць серыю з чатырох паразаў і набліжаюцца да тройкі лідэраў. Раней у панядзелак „Віцебск” на сваім лёдзе абыграў „Нёман” 5:3, а „Магілёў” на хатняй арэне нанёс паразу „Гомелю” 3:2.

Беларускія тэнісісткі прайгралі на турніры ў ЗША

Беларускія тэнісісткі пацярпелі паразу ў матчах адзіночнага разраду турніру WTA-125 у амерыканскім Мідлендзе з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У вырашальнай сустрэчы за выхад у асноўную сетку 217-ы нумар сусветнага рэйтынгу Яна Каладынска саступіла прадстаўніцы ЗША 341-й ракетцы планеты Варвары Лепчанцы – 7:6 (7:2), 3:6, 3:6. У матчы 1/16 фіналу з францужанкай Караль Манэ Ірына Шымановіч прайграла першую партыю з лікам 4:6, пасля чаго не змагла працягнуць гульню.

Беларускае Радыё Рацыя