Месі сёмы раз стаў уладальнікам „Залатога мяча”
Форвард зборнай Аргенціны і французскага клуба „Пары Сэн-Жэрмэн” Ліянэль Месі сёмы раз стаў лепшым футбалістам года, атрымаўшы чарговы „Залаты мяч” па версіі часопіса France Football.
Па выніках галасавання 34-гадовы аргенцінец набраў 613 ачкоў. На другой пазіцыі – польскі нападнік мюнхенскай „Баварыі” Роберт Левандоўскі, які набраў 580 балаў і стаў лепшым форвардам года, трэцяе месца заняў італьянскі паўабаронца лонданскага „Чэлсі” Жаржыньё, набраўшы 460 ачкоў. Сёлета Ліянэль Месі ў складзе зборнай Аргенціны выйграў Кубак Амерыкі і быў прызнаны лепшым гульцом гэтага турніру. У складзе „Барселоны” выйграў Кубак Іспаніі, а таксама стаў лепшым бамбардзірам іспанскага чэмпіянату, забіўшы 30 мячоў. 33-гадовы Левандоўскі стаў чэмпіёнам Германіі і ўладальнікам Суперкубка краіны. У мінулым сезоне ён правёў за „Баварыю” 40 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 48 мячоў і аддаў 9 галявых перадач. Раналду ўпершыню за 11 гадоў не патрапіў у ТОП-5 прэтэндэнтаў на Залаты Мяч. Джанлуіджы Донарумма стаў уладальнікам прыза імя Льва Яшына. Сёлета ён дапамог зборнай Італіі выйграць чэмпіянат Еўропы і стаў лепшым гульцом турніру. Паўабаронца «Барселоны» Пэдры стаў уладальнікам прыза лепшаму маладому гульцу па версіі ФІФА. Футбалістка „Барселоны” Алексія Пуцяльяс атрымала жаночы „Залаты мяч”. Яна перамагла ў жаночай Лізе чэмпіёнаў, а яе каманда названа найлепшай у турніры.
Лонданскі „Чэлсі” прызнаны лепшым клубам 2021 года, бо ў мінулым сезоне выйграў мужчынскую Лігу чэмпіёнаў, а жаночая каманда клуба стала фіналістам турніру.
Футбалісткі зборнай Беларусі згуляюць у гасцях з чэшкамі ў кваліфікацыі Чэмпіяната свету
Футбалісткі зборнай Беларусі правядуць сёння чарговы матч адборавага турніру чэмпіянату свету 2023 года. У сваім чацвёртым паядынку кваліфікацыйнай групы С беларускі згуляюць у Апаве з камандай Чэхіі. На старце адборавага турніру падначаленыя Юрыя Малеева разграмілі ў Мінску зборную Кіпра з лікам 4:1, затым таксама на сваёй арэне саступілі віцэ-чэмпіёнкам планеты футбалісткам Нідэрландаў – 0:2, а потым у Ларнацы не змаглі адолець кіпрыётак, згуляўшы ўнічыю – 1:1.
„Лакаматыў” прайграў футбалістам „Арсенала” ў чэмпіянаце Расеі
Футбалісты маскоўскага „Лакаматыва” прайгралі тульскаму „Арсеналу” з лікам 1:3 у апошнім матчы 16-га тура чэмпіянату Расеі. Беларускі форвард „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч адыграў увесь матч і на 71-й хвіліне атрымаў папярэджанне, а паўабаронца Кірыл Зіновіч выйшаў на замену на 68-й хвіліне сустрэчы.
БЧ узяў верх над ВРЗ
У цэнтральным матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе ў гомельскім дэрбі БЧ узяў верх над ВРЗ. Калі да 13-й хвіліны на табло гарэлі «1:1», то пасля БЧ завалодаў ініцыятывай і разграміў суперніка 4:1.
„Гомель” у гасцявым матчы абыграў „Магілёў”
У паядынку Parimatch-Экстралігі „Гомель” тройчы закінуў у трэцім перыядзе і абыграў „Магілёў” 3:0. Вызначыліся Мікалай Сусла, Аляксей Кудраўцаў і Яўген Грыгарэнка, Андрэй Грышчанка аформіў шатаўт.
Падапечныя Сяргея Стася займаюць чацвёрты радок. Да тройкі лідараў гамяльчанам не хапае аднаго бала.
Віталь Антановіч падпісаў двухбаковы кантракт з мінскім „Дынама”
19-гадовы беларускі нападнік Віталь Антановіч падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”. Пагадненне разлічана да канца сезона. Форвард у бягучым сезоне выступаў за салігорскі „Шахцёр”: у 16 матчах экстралігі набраў 3 (0+3) ачкі. У мінулым сезоне Антановіч упершыню паспрабаваў сябе ў мацнейшым дывізіёне чэмпіянату краіны — у 56 матчах за „гарнякоў” форвард запісаў у свой актыў 14 (6+8) выніковых балаў. Прычым, чатыры ачкі ён набраў у паўфінальнай серыі плей-оф, паведамляе прэс-служба „Дынама”. Уладзімір Крыкуноў вярнуўся ў рыжскае „Дынама”
Уладзімір Крыкуноў стаў новым галоўным трэнерам рыжскага „Дынама”
Ён далучыцца да каманды найбліжэйшым часам. Папярэднія тры сезоны 71-гадовы беларускі спецыяліст працаваў у маскоўскім „Дынама”. Раней ён трэніраваў менскае „Дынама”, „Аўтамабіліст”, „Нафтахімік”, „Ак Барс”, а таксама зборныя Славеніі, Расіі, Беларусі, Латвіі і Казахстана.
Значную частку гульнявой кар’еры Крыкуноў правёў менавіта ў Рызе, выступаючы ў мясцовым „Дынама” з 1976-га па 1982-ы год. У галоўнага трэнера «Мяшкоў Брэст» каронавірус
У галоўнага трэнера «Мяшкоў Брэст» Даніэля Горда каронавірус
Перад вылетам у Нарвегію на матч Лігі чэмпіёнаў супраць „Эльверума” каманда здала ПЦР-тэст, і ў спецыяліста ён даў станоўчы вынік. Горда застаўся ў Берасці на самаізаляцыі. У матчы Лігі чэмпіёнаў супраць нарвежскага клуба берасцейцамі будуць кіраваць іспанец Нуну Фарэлу і спартовы дырэктар „Мяшкоў Брэст” Павел Башкін. Матч Лігі чэмпіёнаў супраць нарвежскага «Эльверума» берасцейцы правядуць 1 снежня ў 20:45 па беларускім часе.
Беларускае Радыё Рацыя