Жодзінскае „Тарпеда” прайшло ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі



Трыма матчамі ў Менску, Берасці і Оршы працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны ў Оршы, дзе мясцовы „Лакаматыў” прымаў дзейных чэмпіёнаў з „Металурга”. Па ходу гульні „чыгуначнікі” вялі з лікам 3:0, але жлобінцы ўжо другі раз у новым сезоне здолелі адыграць дэфіцыт у тры шайбы. Высвятленне адносін супернікі ў выніку давялі да серыі булітаў, дзе „Лакаматыў” усё ж вырваў перамогу – 4:3. Да серыі пасляматчавых кідкоў у гэты дзень дагуляліся і „Юнацтва” з „Хімікам”. Асноўны час паядынку ў сталіцы скончыўся ўнічыю 1:1, а ў булітнай перастрэлцы вікторыю навапалачанам прынёс Арцём Зямлянкін. Таксама ў „Брэст” з лікам 2:1 нанёс паразу „Дынама-Маладзечна”, аўтарам вырашальнай шайбы ў паўднёўцаў стаў Максім Мельнікаў. „Брэст” у экстралізе ўпершыню за 8 гадоў абыграў у гасцях „Дынама-Маладзечна”.

Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” прабіліся ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі

Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” прабіліся ў чвэрцьфінальную стадыю Кубка Беларусі. У матчы 1/8 фіналу дзейныя ўладальнікі Кубка краіны перайгралі на выездзе прадстаўніка першай лігі нацыянальнага чэмпіянату – „Ніву” з Долбізна з лікам 2:1. У іншых сустрэчах 1/8 фіналу: „Віцебск” – абыграў „Слуцк” – 1:0, „Мінск” перамог магілёўскі „Днепр” – 2:0, „Іслач” мінімальна абыграла дзяржынскі „Арсенал” – 1:0, менскае „Дынама” разграміла „Асіповічы” – 9:0, салігорскі „Шахцёр” перамог берасцейскае „Дынама” – 2:1. Яшчэ два матчы за трапленне ў чвэрцьфінал пройдуць пазней: БАТЭ згуляе з „Астраўцом”, а гарадзенскі „Нёман” з мазырскай „Славіяй”.

Павел Яўсеенка будзе асіставаць Карласу Алосу ў зборнай Беларусі

Спецыяліст быў заўважаны на трэніроўцы нацыянальнай каманды. Пры гэтым БФФ пакуль не раскрывае спіс памочнікаў настаўніка зборнай. Яўсеенка ўваходзіў і ў трэнерскі штаб Георгія Кандрацьева. Ён працаваў у „нацыяналцы” з вясны мінулага года.

ЧС-2023 па баскетболе: ЗША прайшлі Італію, Літва вылецела ад Сербіі

На Філіпінах адбыліся першыя матчы 1/4 фіналу чэмпіянату свету па баскетболе. Першымі паўфіналістамі сталі Сербія (пасля перамогі над Літвой з лікам 87:68) і ЗША (пасля перамогі над Італіяй з лікам 100:63).

Ліхтаровіч будзе выступаць за «Эш» з чэмпіянату Люксембурга

35-гадовая беларуская баскетбалістка Таццяна Ліхтаровіч будзе выступаць за «Эш» з чэмпіянату Люксембурга. Мінулым клубам абаронцы была мексіканская «Фуэрца Рэгія», дзе Ліхтаровіч выступала ў першай палове года. Беларуска ўжо выступала за «Эш» з восені 2021 года, перш чым перабрацца ў Цэнтральную Амерыку ў сакавіку.

Кітаянка Цзян Хуэйхуа на чэмпіянаце свету ў Эр-Рыядзе ўсталявала два сусветныя рэкорды

Кітайская штангістка ўсталявала два сусветныя рэкорды ў рамках розыгрышу ўзнагарод у вагавай катэгорыі да 49 кг на чэмпіянаце свету ў Эр-Рыядзе. Яна перамагла з рэкордамі свету ў штуршку (120 кг) і ў суме (215 кг). У рыўку 25-гадовая спартоўка паказала вынік 95 кг.

Беларускае Радыё Рацыя