„Металург” змог вырваць перамогу ў „Дынама Маладзечна”
У першым матчы плэй-оф Экстралігі Беларусі ХК „Металург Жлобін” святкаваў перамогу над „Дынама Маладзечна” 5:3 і павёў у чвэрцьфінальнай серыі.
Гаспадары змаглі адкрыць лік на 10-й хвіліне матча намаганнямі Міхнова, дынамаўцы не здолелі стрымаць лепшага бамбардзіра рэгулярнага чэмпіянату. У далейшым Міхноў стаў адным з асістэнтаў шайбы Маструкова, закінутай на 13-й хвіліне сустрэчы.
Сітуацыя кардынальна змянілася ў другой дваццаціхвілінцы. Усяго за дзве хвіліны гасцям удалося зраўняць лік, вызначыліся Летаў і Крыловіч.
У трэцім перыядзе „ваўкам” удалося даціснуць суперніка. Міхноў і Маструкоў аформілі дублі, яшчэ адну шайбу закінуў Грамовіч.
Ігар Мартынаў і Арцём Дзямкоў камандзіраваны ў салігорскі „Шахцёр”
Форварды менскага „Дынама” Ігар Мартынаў і Арцём Дзямкоў адкамандзіраваны ў салігорскі „Шахцёр”, за які могуць згуляць у рамках плэй-оф чэмпіяната Беларусі па хакею..
Мартынаў большую частку сезону прапусціў з-за траўмы. Сумарна ў „рэгулярцы” і плэй-оф КХЛ згуляў за „Дынама” ў пяці матчах, закінуў адну шайбу.
Што да Дзямкова, то з ім кіраўніцтва „зуброў” скасавала дзеючы аднабаковы кантракт у мэтах атрымання хакеістам гульнявой практыкі. У гэтым сезоне Арцём сумарна правёў у КХЛ 35 матчаў, у якіх набраў 13 (6+7) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+3”.
Беларускія футбалісты правядуць „хатні” матч у сталіцы Бахрэйна
Нацыянальная каманда Беларусі па футболе правядзе ў канцы сакавіка два таварыскія матчы, адзін з іх „хатні” – у сталіцы Бахрэйна, паведамілі ў прэс-службе АБФФ. Беларусы згуляюць 26 сакавіка з Індыяй, 29 сакавіка – супраць Бахрэйна. На спарынгі футбалісты адправяцца 22-га чысла, усе матчы адбудуцца ў Манаме.
Згодна з лютаўскім рэйтынгам ФІФА, беларуская „нацыяналка” знаходзіцца на 94-м радку. Бахрэйн – на 89-м месцы, Індыя – на 104-м. З абедзвюма зборнымі наша зборная не гуляла ні разу.
Сасновіч выйшла ў другі круг тэніснага турніру WTA у Індыян-Уэлсе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прабілася ў другі круг тэніснага турніру WTA у Індыян-Уэлсе. У матчы першага круга 1/64 фіналу беларуска святкавала перамогу дзякуючы адмове ад працягу матча прадстаўніцы Калумбіі Камілай Асорыя.
Шаранговіч адыграў у першым звяне, але не змог дапамагчы «Нью-Джэрсі» абыграць «Вініпег»
Ноччу «Нью-Джэрсі», за які выступае беларус Ягор Шаранговіч, саступіў «Вініпегу» 1:2 у чарговым матчы НХЛ. Беларускі нападнік гуляў у першым звяне разам з Доўсанам Мерсерам і Джэкам Х’юзам, правёўшы на лёдзе 18:52 . За гэты час Шаранговічу ўдалося чатыры разы прабіць у створ варот, здзейсніць 2 перахопы пры 1 страце. Паказчык карыснасці беларуса „0”. Шаранговіч правёў 52 матчы ў НХЛ, у якіх змог зарабіць 30 (14+16) балаў.
„Барселона” згуляла ўнічыю з „Галатасараем
«Барселона» згуляла ўнічыю дома з «Галатасараем» (0:0), «Аталанта» перамагла «Баер» (3:2), «Манака» саступіў гасцях «Брагу» (0:2), «Севілья» абыграла « Вест Хэм» (1:0) у першых матчах 1/8 фіналу Лігі Еўропы.
World Athletics забараніла Беларусі праводзіць міжнародныя турніры
Савет Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі (World Athletics) на фоне падзей, якія адбываюцца ва Украіне, наклаў новыя санкцыі на Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі, паведаміў кіраўнік арганізацыі Себасцьян КАВ. „Рада вырашыла накласці санкцыі на Федэрацыю лёгкай атлетыкі Беларусі. Яна не можа прымаць спаборніцтвы еўрапейскай і сусветнай лёгкаатлетычных серый”, – заявіў ён.
Раней асацыяцыя адхіліла ўсіх спартоўцаў, дапаможны персанал і афіцыйных асоб з Беларусі ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах пад эгідай арганізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
