У клуба „Смалявічы” новы дырэктар



„Мезекевешд” згуляў унічыю з былым клубам нападніка берасцейскага «Дынама» „Кішвардай” у выязным матчы 28-га тура чэмпіянату Вугоршчыны па футболе. Лік сустрэчы – 1:1. Беларускі хаўбек гасцей Аляксандр Карніцкі адпрацаваў „ад званка да званка”, але выніковымі дзеяннямі не адзначыўся.  „Мезекевешд” ідзе на трэцім месцы ў турнірнай табліцы чэмпіяната Вугоршчыны, „Кішварда” размяшчаецца на 7-м радку.

Беларусы, армяне, казахі і кыргызы не будуць лічыцца легіянерамі ў чэмпіянаце Расеі

Грамадзяне Еўразійскага саюза, куды ўваходзяць Беларусь, Арменія, Казахстан і Кыргызстан, перастануць лічыцца легіянерамі ў чэмпіянаце Расеі па футболе, пачынаючы з наступнага сезону. Пра гэта распавёў намеснік генеральнага сакратара РФС Дзяніс Рагачоў. „Загад міністра спорту, па якім грамадзяне Еўразійскага саюза перастаюць лічыцца легіянерамі, быў падпісаны яшчэ летась. У РПЛ ён уступіць у сілу з 1 жніўня. Такім чынам, новы сезон пачнецца з улікам гэтых зменаў”, – перадае словы Рагачова „Чэмпіянат” .

Трансфер Юрчанкі з менскага „Дынама” ў „Сатурн” увайшоў у дзясятку рэкордных продажаў у гісторыі вышэйшай лігі

Аўтарытэтны рэсурс Transfermarkt апублікаваў дзясятку рэкордных продажаў у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі. Барысаўскі БАТЭ выручыў за пераходы Рэнана Брэсана ў „Аланію” і Віталя Кутузава ў „Мілан” па 3,5 мільёна еўра – гэтыя здзелкі дзеляць першае месца. 6 з 10 трансфераў правёў БАТЭ. Акрамя Брэсана і Кутузава, у топ-10 увайшлі продажы Паўла Няхайчыка ў маскоўскае „Дынама” (за 2 мільёны 800 тысяч даляраў), Піліпа Младзенавіча ў „Кёльн” (1,5 млн), столькі ж барысаўчане атрымалі за пераход Ігара Шытава ў маскоўскае „Дынама” (1,5 млн ), за Мірка Іваніча ў „Црвену Звезду” бюджэт БАТЭ папоўніўся сумай у 1 мільён 300 тысяч.

3 з 10 рэкордных здзелак – у менскага „Дынама”. Гэта трансферы Уладзіміра Юрчанкі ў „Сатурн” і Сяргея Карніленкі ў кіеўскае „Дынама” – за абодвух сталічныя «дынамаўцы» атрамалі па 1,5 мільёна, а таксама Станіслава Драгуна ў „Крылы Саветаў” – сума трансфера 1,2 мільёна.

На чацвёртым месцы па выручцы пераход Вячаслава Глеба з МТЗ-РІПА ў „Шанхай Шэньхуа” (1,9 млн), інфармуе transfermarkt_belarus.

У „Смалявічаў” будзе новы дырэктар

У кіраўніцтве футбольнага клуба „Смалявічы” адбыліся змены: пасля пятніцавай перамогі над „Гарадзеяй” 4:1 стала вядома, што дырэктарам клуба больш не будзе Уладзімір Корсак, які завяршае працу ў „Смалявічах”. Замест Корсака пасаду зойме Аляксандр Шлыкаў, які дзевяць гадоў быў намеснікам экс-старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава – ранейшага куратара клуба. Акрамя таго, адбылася анансаваная кіраўніком БФФ Уладзімірам Базанавым сустрэча каманды з пераемнікам Загорцава на пасадзе старшыні райвыканкама – Андрэем Ратамскім. На ёй было агучана, што на гэтым тыдні перад „Смалявічамі” пачнуць пагашаць даўгі па зарплаце. Папярэдняя выплата была 22 сакавіка – за люты. Чакаецца, што пакуль каманда атрымае заробак за сакавік.

Гульцы і персанал БГК бязвыплатна здадуць кроў у рамках акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня донара

БГК ім. Мяшкова прыме ўдзел у акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня донара крыві, які адзначаецца 14 чэрвеня. У год пандэміі БГК ім. Мяшкова вырашыў падтрымаць  маючых патрэбу ў пераліванні крыві і далучыцца да Сусветнага дня донара. У спарткомплексе „Вікторыя” клуб сумесна з абласной станцыяй пералівання крыві арганізуе выязную лабараторыю, дзе гульцы і персанал БГК цэнтралізавана і бязплатна здадуць кроў.

Букмекеры сталі прымаць стаўкі на магчымае правядзенне турніру UFC у Беларусі

Турніры UFC аднавіліся ў ЗША без гледачоў. Букмекеры прымаюць стаўкі на тое, што адзін з турніраў пройдзе на тэрыторыі Беларусі. Тут да гэтага часу дазволеныя масавыя мерапрыемствы. Раней Беларусь афіцыйна прапанавала UFC прыняць бой Хабіба і Фергюсана. Паведамляецца, што верагоднасць таго, што кіраўнік UFC Дэна Уайт правядзе турнір у Беларусі, складае 12%.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя