Міхаіл Гардзяйчук прызнаны лепшым гульцом 9-га тура чэмпіянату Беларусі
Берасцейскі дынамавец Міхаіл Гардзяйчук стаў лепшым гульцом 9-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”.
-
Фота: БАТЭ
У звышвыніковым паядынку з футбалістамі „Гомеля” 33-гадовы нападнік берасцейцаў забіў тройчы. Гэта першы хет-трык у матчах 33-га чэмпіянату краіны. У сёлетнім першынстве ў актыве Міхаіла Гардзейчука 4 забітыя мячы. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага ўік-энду прызнаны паўабаронца барысаўскага БАТЭ Валерый Грамыка, які эфектным далёкім ударам забіў „Іслачы”. Гэта сустрэча завяршылася ўнічыю – 1:1.
Герасімаў саступіў на „Ралан Гарос”
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў пацярпеў паразу ў кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым раундзе беларус, які займае 667-е месца ў сусветным рэйтынгу, прайграў французскаму тэнісісту Ларану Лакалі, у якога 198-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 3:6, 5:7.
На старце жаночай кваліфікацыі паспяхова выступілі дзве беларускія тэнісісткі. Крысціна Дзмітрук абыграла ў двух сэтах французскую тэнісістку Дафні Мпетшы Перыкар – 6:1, 6:3. У другім раўндзе беларуска згуляе са швейцаркай Сімонай Вальтэрт. Ірына Шымановіч таксама ўпэўнена перайграла прадстаўніцу Кітайскага Тайбэя Джаану Гарланд – 6:4, 6:0. Наступнай суперніцай беларускі будзе францужанка Марго Руўруа. Каб выйсці ў асноўную сетку French Open трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры.
„Шахцёр” і „Мінчанка” выступяць у чэмпіянаце Расеі. „Будаўнік” удзельнічаць не будзе
Салігорскі „Шахцёр” і „Мінчанка” выступяць у чэмпіянаце Расіі-2023/24. Сталічны „Будаўнік” удзельнічаць у турніры не будзе.
„Шахцёр” — сяміразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, шасціразовы ўладальнік Кубка Рэспублікі Беларусь і пяціразовы ўладальнік Суперкубка Рэспублікі Беларусь! З упэўненасцю можна заяўляць аб тым, што каманда перспектыўная і з’яўляецца моцным супернікам, які ўпрыгожыць чэмпіянат Расеі па валейболе (суперліга),” — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта БФВ.
Дзевяць беларускіх таэквандыстаў атрымалі допуск на турніры ў нейтральным статусе
Дзевяць беларускіх таэквандыстаў атрымалі допуск на турніры ў нейтральным статусе. Алімпійскіх чэмпіёнаў з Расеі Максіма Храмцова і Уладзіслава Ларына не дапусцілі да чэмпіянату свету.
Таксама да спаборніцтваў былі дапушчаны дзевяць беларускіх спартоўцаў: Алі Радван, Арцём Плоніс, Іван Паўлоўскі, Кадырбеч Даўраў, Максім Бандарэвіч, Уладзіслава Сарокіна, Валерыя Смычкова, Віталя Лазута і Ягор Казлоў.
Раней выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дапускаць да стартаў расейцаў, якія не падтрымлівалі СВА, у якасці нейтральных атлетаў. Пры гэтым прапануецца не дазваляць удзельнічаць у спаборніцтвах камандам, а таксама спартоўцам, звязаным з узброенымі сіламі і органамі бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя
