Міхаіл Мархель узначаліў моладзевую зборную Беларусі



52-гадовы Міхаіл Мархель прызначаны галоўным трэнерам моладзевай (U-21) зборнай Беларусі па футболе. Такое рашэнне было прынятае 4 снежня на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола (БФФ).

Мархель змяніў Людаса Румбуціса, кантракт з якім выканаўчы камітэт БФФ вырашыў не працягваць. У адборачным турніры маладзёжнага чэмпіянату Еўропы 2019 года зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Румбуціса заняла ў сваёй групе толькі чацвёртае месца, набраўшы ў 10 матчах 14 ачкоў (4 перамогі, 4 паражэнні, 2 нічыі, розніца мячоў — 11-14), і ў фінальную частку турніру не прайшла.

Моладзевае Еўра-2019 з’яўляецца адборачным спаборніцтвам да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. У мінулым вядомы савецкі і беларускі нападаючы Міхаіл Мархель раней трэніраваў менскую „Зорку-ВА-БДУ”, берасцейскае „Дынама”, бабруйскую „Белшыну”, уваходзіў у трэнерскія штабы менскага „Дынама”, ждановіцкай „Дарыды”, сталічнага „Лакаматыва”. На ўзроўні зборных трэніраваў юнацкія каманды U-15 і U-16.

Наступным афіцыйным турнірам для моладзевай зборнай Беларусі будзе кваліфікацыя чэмпіянату Еўропы 2021 года.

belapan.by