Міхаіл Мустыгін: Менскае “Дынама” павінен быў узначаліць Малафееў



У мінулым славуты беларускі футбаліст Міхаіл Мустыгін распавядае, чаго сёння не хапае беларускаму футболу і чаму ў яго баліць сэрца за менскае “Дынама”.

Міхаіл Мустыгін: Я вельмі перажываю за сталічнае “Дынама” – клуб, за які я доўгі час гуляў. Проста сэрца баліць. Колькі гадоў каманда ўжо стаіць на месцы – няма ніякага прагрэсу. Змяняюцца кожны год трэнеры, а воз, як кажуць, не зрушыўся. Заўзятары, напэўна, ужо і забыліся, калі “Дынама” апошні раз “золата” заваёўвала. І ў той жа час у кіраўнікоў клуба пад бокам знаходзіцца выдатнейшы трэнер, цудоўны спецыяліст – Эдуард Васільевіч Малафееў. Колькі ён зрабіў для беларускага футбола! Чаму хаця б на сезон не даць яму магчымасць папрацаваць з камандай? Я шчыра вам скажу – здзіўлены такой пазіцыяй кіраўнікоў “Дынама”! Каманду павінен быў узначаліць Малафееў. Маё такое меркаванне.

РР: Але ж Эдуард Васільевіч у свой час ужо ўзначальваў сталічнае “Дынама”?

Міхаіл Мустыгін: Дык гэта ж калі было! Але ж час прайшоў, трэба даць чалавеку яшчэ шанец. Такімі ж спецыялістамі нельга раскідвацца.

РР: Тым не менш, галоўным трэнерам “Дынама” не так даўно стаў чэшскі трэнер Душан Угрын.

Міхаіл Мустыгін: І колькі ён пратрымаецца? Там ужо не падлічыць, колькі трэнераў змянілася. Каб старыць каманду трэба і выдатны спецыяліст, які б разумеў калектыў, і добры падбор футбалістаў, якія б падыходзілі да калектыва.

РР: Як вы ацэньваеце сёняшні ўзровень беларускага футбола? Прагрэсуе ён, застаецца на месцы ці пайшоў уніз?

Міхаіл Мустыгін: Не расце – гэта дакладна. Некаторыя скажуць, што ў мінулым годзе адразу два беларускія клубы выйшлі ў групавыя стадыі еўракубкаў, але ж вы бачылі што было далей. Збілі, як дзяцей! Як толькі сустрэлі каманды, якія крыху вышэйшыя класам, увесь узровень нашых ігракоў і праявіўся. Пасля такіх правалаў у заўзятараў наогул можа прапасці жаданне хадзіць на стадыёны. Трэба нешта рабіць.

РР: Можа лепш дзіцячы футбол падымаць?

Міхаіл Мустыгін: Гэта адназначна. Не падымуць дзіцячы футбол – будзем і надалей мець тое, што маем зараз.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара