Мікіта Вайлупаў – лепшы правы паўсярэдні CEHA-лігі па версіі заўзятараў
Беларускі ўніверсал з БГК імя Мяшкова Мікіта Вайлупаў прызнаны заўзятарамі лепшым правым паўсярэднім CEHA-лігі ў сезоне-2019/20.
Фанаты галасавалі на сайце лігі на працягу тыдня. Сямёрка лепшых гульцоў па версіі заўзятараў выглядае так:
Брамнік: Ніколчэ Мітрэўскі ( „Еўрафарм”)
Левы паўсярэдні: Расмус Лауге Шміт („Веспрэм”)
Разыгрываючы: Лоўра Ёціч („Еўрафарм”)
Правы паўсярэдні: Мікіта Вайлупаў (БГК імя Мяшкова)
Левы крайні: Давід Мандзіч („Заграб”)
Лінейны: Стаянчэ Стаілаў („Вардар”)
Правы крайні: Златка Харват („Заграб”)
Дыега Марадона названы самым тэхнічным гульцом у гісторыі
Легендарны аргентынец Дыега Марадона ўзначаліў рэйтынг самых тэхнічных гульцоў у гісторыі футбола. Спіс склаў партал GiveMeSport. Другое месца заняў бразілец Раналдзіньё, тройку замкнуў вялікі галандзец Ёхан Кройф. У топ-10 не трапіў форвард „Ювентуса” Крышціяну Раналду – ён размясціўся на 13-м радку.
У Топ-10 самых тэхнічных футбалістаў за ўсю гісторыю таксама трапілі: Зінедзін Зідан, Ліянэль Месі, Джордж Бэст, Цьеры Анры, Андрэс Іньеста, Андрэа Пірла і Хаві.
УЕФА заклікае дагуляць нацыянальныя чэмпіянаты і кубкавыя турніры
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прадставіў варыянты працягу турніраў для клубных і зборных каманд. Праекты абмяркоўваліся на відэаканферэнцыі з удзелам генеральных сакратароў ўсіх 55 еўрапейскіх асацыяцый. Падчас нарады УЕФА настойліва рэкамендаваў дагуляць сезон у вышэйшых дывізіёнах і нацыянальных кубках. У выпадках, калі нейкія асацыяцыі ўсё ж вырашаць адмяніць чэмпіянаты або кубкавыя турніры, УЕФА складзе спецыяльнае кіраўніцтва па размеркаванні пуцёвак у еўракубкавыя турніры.
Ва Уладзіміра Япрынцава двухбаковае запаленне лёгкіх з-за каронавіруса.
Член выканкама Міжнароднай федэрацыі самба Уладзімір Япрынцаў заразіўся каронавірусам. Шматразовы чэмпіён свету па самба шпіталізаваны з двухбаковым запаленнем лёгкіх, ён праходзіць лячэнне ў інтэнсіўнай тэрапіі. Япрынцаў удзельнічае ў эстафеце „On A Wave Stay Live” і дэманструе комплекс фізічных практыкаванняў не толькі для ўдзельнікаў гуманітарнай акцыі, але і для ўсіх людзей, якія апынуліся на бальнічным ложку. Такім чынам ён імкнецца, з аднаго боку, прыцягнуць да ўдзелу ў эстафеце яшчэ большую колькасць людзей. А з другога боку, заклікае хворых, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, не сумаваць, не здавацца, змагацца за жыццё да апошняга.
„Віцебск” пералічыў 12 тысяч рублёў лекарам гарадской цэнтральнай паліклінікі
Футбольны клуб „Віцебск” выказаў падзяку ўсім работнікам медыцыны, якія супрацьстаяць COVID-19. Гульцы, трэнерскі штаб і адміністрацыя футбольнага клуба „Віцебск” сабралі і пералічылі 12 000 беларускіх рублёў на дабрачынны рахунак дзяржаўнай установы аховы здароўя „Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка” ў дапамогу мэдыкаў! – паведамляе група „Віцебска” Укантакце.
Памёр вядомы баксёр і трэнер Анатоль Беразюк
Вядомы беларускі баксёр і трэнер Анатоль Беразюк памёр на 70-м годзе жыцця, паведамілі БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі бокса. Анатоль Беразюк – майстар спорту міжнароднага класа, двухразовы чэмпіён СССР, уладальнік Кубка СССР, пераможца і прызёр розных усесаюзных і міжнародных турніраў. Пасля завяршэння спартовай кар’еры працаваў трэнерам у родным Бабруйску, быў віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі прафесійнага бокса Беларусі. У БФБ адзначылі, што Анатоль Беразюк унёс вялікі ўклад у развіццё бокса ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by