Мікіта Вайлупаў у наступным годзе будзе гуляць за „Веспрэм”



Правы крайні клуба „Мяшкоў Берасце” Мікіта Вайлупаў пасля заканчэння гэтага сезона пакіне беларускую каманду. Новым месцам працы гандбаліста стане „Веспрэм”.

Вугорскі клуб на сваім афіцыйным сайце пацвердзіў заключэнне кантракту з беларусам, а сам Вайлупаў падзяліўся навіной на старонцы ў „фэйсбуку”. Тэрмін пагаднення складае тры гады.

Моладзевая зборная Беларусі па хакеі згуляе на турніры ў Латвіі

Моладзевая зборная Беларусі па хакеі (U-20) згуляе на турніры ў Латвіі 11-13 лістапада. Турнір, у якім акрамя беларусаў і латвійцаў, згуляюць іх аднагодкі з Даніі і Аўстрыі, будзе адным з этапаў падрыхтоўкі да чэмпіянату свету ў дывізіёне A, які пройдзе з 12 па 18 снежня 2021 года ў дацкім Херсхольме. У першым матчы беларусы 11 лістапада згуляюць з аўстрыйцамі.

Марозава і Храмачова выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду тэніснага турніру ў Лінцы

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і расейка Ірына Храмачова выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у аўстрыйскім Лінцы. У 1/8 фіналу беларуска-расейскі дуэт абыграў у двух сэтах індыйска-нідэрландскі тандэм Анкіта Райна / Разалі ван дэр Хук – 7:6 (7:3), 7:6 (7:2). У чвэрцьфінале Марозава і Храмачова будуць супернічаць з нямецка-чэшскай парай Юлія Лохаф / Рэната Варачова.

„Рэал” гатовы развітацца з шэрагам гульцоў

„Рэал” разглядае магчымасць значных перамен у сваім складзе. Клуб гатовы развітацца з Эдэнам Азарам, Гарэтам Бейлам, Марсела, Хесусам Вальеха і Лукам Ёвічам. Таксама іспанцы хочуць перазаключыць дамову з нападаючым Вінісіусам. Мадрыдцы ідуць на такія меры з-за эканамічнага складніка. Атрыманыя сродкі дапамогуць „Рэалу” аформіць пераход форварда „ПСЖ” Кіліяна Мбапэ.

Хасан Мустафа пераабраны прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гандбола на шосты тэрмін

Егіпцянін Хасан Мустафа працягне кіраваць Міжнароднай федэрацыяй гандбола (IHF) да 2025 года. Такое рашэнне прынялі на 38-м кангрэсе гэтай арганізацыі, які прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі. Упершыню егіпецкі функцыянер, якому зараз 77 гадоў, заняў пасаду прэзідэнта IHF у 2000 годзе і зараз пераабраны на шосты тэрмін. Першым віцэ-прэзідэнтам застаўся французскі спецыяліст Жаэль Дэльпланк.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by