Міланскі „Інтэр” першым прабіўся ў фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты міланскага „Інтэра” сталі першымі фіналістамі Лігі чэмпіёнаў.

У другім паўфінальным паядынку з „Міланам” падначаленыя Сімонэ Індзагі перамаглі з мінімальнай перавагай – 1:0. Адзіны гол забіў Лаўтара Марцінэс, які вызначыўся на 74-й хвіліне сустрэчы. На мінулым тыдні „Інтэр” выйграў з лікам 2:0. Раней футбалісты „Інтэра” тройчы заваёўвалі Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў  і двойчы саступалі ў фінальных матчах.

Супернік міланцаў па маючым адбыцца фінале вызначыцца сёння вечарам пасля сустрэчы ў адказ англійскага „Манчэстэр Сіці” і мадрыдскага „Рэала”. Тыдзень таму ў сталіцы Іспаніі яны разышліся мірам – 1:1.

Сядзько прызнаны лепшым гульцом 8-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Менскі дынамавец Павел Сядзько прызнаны лепшым гульцом 8-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным гасцявым паядынку з футбалістамі „Гомеля” 25-гадовы паўабаронца менчукоў аформіў дубль і асіставаў Уладзіславу Марозаву пры першым узяцці брамы. У выніку менскае „Дынама” святкавала буйную вікторыю з лікам 4:0 і замацавалася на першым месцы ў турнірнай табліцы, а Уладзіслаў Марозаў працягвае ўзначальваць бамбардзірскую гонку, забіўшы 7 мячоў.

Аўтарам самага прыгожага гола мінулага ўік-энду стаў 20-гадовы хаўбек „Смаргоні” Максім Гаявой, які эфектным ударам з-за межаў штрафной плошчы забіў гарадзенскаму „Нёману”.

Зборная Беларусі па хакеі завяршыла турнэ паразай ад расейцаў 

Нацыянальная каманда Беларусі па хакеі правяла заключны матч у рамках серыі „Ліга ставак. Вялікі тур зборнай” супраць каманды „Расея 25”. Другі за два дні паядынак супернікаў адбыўся на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны”. Здавалася, справа ідзе да авертайму, але за хвіліну да фінальнай сірэны Марат Хайрулін прынёс гасцям перамогу з лікам 3:2. У складзе беларускай каманды адзначыліся Андрэй Бялевіч і Ілля Усаў.

„Будаўнік” прайграў першы пераходны матч за права застацца ў расейскай Суперлізе

Валейбалісты сталічнага „Будаўніка” пацярпелі паразу ў першым пераходным матчы за права ўдзелу ў расейскай Суперлізе ў наступным сезоне. У чэмпіянаце Расеі па валейболе „Будаўнік” заняў апошняе 16-е месца. Стартавы паядынак паміж „Будаўніком” і „Цюменню” адбыўся на пляцоўцы „Чыжоўка-Арэны”. Першы і другі сэты выйграла гасцявая каманда (25:20 і 25:22), у трэцяй партыі адчувальна мацней былі ўжо беларусы (25:16). Самым напружаным выдаўся чацвёрты адрэзак: супернікі дайшлі да лічбаў 27:27, але два наступныя розыгрышы засталіся за валейбалістамі „Цюмені”. У выніку 1:3 па сэтах, „Будаўнік” пачынае барацьбу за захаванне прапіскі ў Суперлізе з паразы.

Андрэеў працягне выступаць за „Мяшкоў Берасце”

Лінейны зборнай Расеі Павел Андрэеў падоўжыў кантракт з „Мяшкоў Брэст” да канца сезона. Ураджэнец Санкт-Пецярбурга перабраўся на берагі Буга летам мінулага года – пасля амаль дзесяці гадоў у „Чэхаўскіх мядзведзях”. І хутка падышоў да двара ў новым калектыве. Ужо ў верасні разам з мяшкоўцамі ён папоўніў сваю калекцыю ўзнагарод, выйграўшы першы ў гісторыі Суперкубак Беларусі. Андрэеў рабіў вялікі аб’ём чарнавой працы ў цэнтры абароны, рэгулярна здзяйсняў па некалькі перахопаў за гульню і быў карысны ў нападзе. У 35 матчах цяперашняга сезона ён закінуў 62 мячы. Да лінейнага выяўлялі цікавасць іншыя клубы, аднак ён палічыў за лепшае застацца ў БГК.

Беларускае Радыё Рацыя